24 лютага ў Полацку адбудуцца ўрачыстасці ў гонар 180-годдзя царкоўнага Сабора 1839 года
23 лютага 2019У нядзелю 24 лютага 2019 года ў горадзе Полацку Віцебскай вобласці адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 180-годдзя Полацкага царкоўнага сабора 1839 года, на якім было прынята рашэнне пра ўз'яднанне беларуска-літоўскіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.
Асноўным ініцыятарам уз'яднання стаў уніяцкі епіскап (пасля праваслаўны мітрапаліт Літоўскі і Віленскі) Іосіф (Сямашка). 220 гадоў з дня нараджэння і 150 гадоў з дня блажэннага скону гэтага выдатнага архіпастыра Беларуская Праваслаўная Царква адзначала ў 2018 годзе.
Да Полацкага сабора дзве траціны беларусаў былі грэка-каталікамі. Пасля правядзення сабора беларускі край стаў праваслаўным. Тое, што ў цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь 85% вернікаў адносяць сябе да праваслаўных хрысціян, — гэта ў значнай ступені вынік Полацкага сабора.
Царкоўна-грамадская дзейнасць уладыкі Іосіфа (Сямашкі) і скасаванне уніі на Полацкім саборы аказалі значны ўплыў на развіццё беларускай культуры і станаўленне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, аб'яднаўшы беларускі народ у рэлігійна-культурных адносінах. У першай траціне ХІХ стагоддзя лацінізацыя і паланізацыя вялі унію да паглынання каталіцтвам лацінскага абраду і дэнацыяналізацыі беларусаў-уніятаў. Уз'яднанне з Праваслаўнай Царквой спыніла гэты рух, што дало магутны штуршок усведамленню беларусамі сваёй самабытнасці.
Ёсць усе падставы сцвярджаць, што аднаўленне Праваслаўя сярод беларусаў заклала духоўны падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Без спароджанага Полацкім саборам духоўнага і культурнага ўздыму наша нацыянальнае самавызначэнне было б немагчымым.
Святочныя ўрачыстасці пачнуцца здзяйсненнем Бажэственнай літургіі ў Сафійскім саборы горада Полацка (вул. Замкавая, 1), якую ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Пачатак богаслужэння а 9:45.
У 15:00 у Полацкім дзяржаўным універсітэце (г. Полацк, вул. Стралецкая, 4) адбудзецца ўрачысты акт з удзелам прадстаўнікоў айчыннай царкоўнай і свецкай навукі, якія выступяць з паведамленнямі пра значэнне Полацкага сабора ў гісторыі Беларусі і пра яго ўплыў на стан сучаснага беларускага грамадства.