Акцыя «Захаваем Святыню» прайшла ў Чашніцкім благачынні Віцебскай епархіі
11 красавіка 2019У Чашніцкім благачынні Віцебскай епархіі прайшла акцыя «Захаваем Святыню», арганізаваная аддзелам ідэалагічнай работы Чашніцкага раённага выканаўчага камітэта ў асобе Галіны Пятроўны Авіжы і прыходам храма Праабражэння Гасподняга на чале з благачынным Чашніцкай акругі протаіерэем Уладзімірам Калядой.
Больш за 30 чалавек рознага ўзросту аб'яднала адна мэта — навесці парадак вакол паўразбуранага Нікольскага храма ў вёсцы Браздзецкая Слабада Чашніцкага раёна, пабудаванага ў другой палове XIX стагоддзя. Пасля Другой сусветнай вайны ад храма засталіся адны сцены, але жыхары вёскі не губляюць надзеі на яго адраджэнне. Кожную вясну, колькі сябе памятаюць мясцовыя старажылы, сюды прылятаюць буслы, якія звілі сабе гняздо на тым месцы, адкуль раздаваліся ўдары храмавага звону.
Сцены будынка маюць здавальняючы стан, а вось дах мае патрэбу ў грунтоўным рамонце.
Сабраныя разам школьнікі, прадстаўнікі БРСМ, работнікі аддзела культуры, дарожна-будаўнічай арганізацыі ДРБУ-183 і клуба ДТСААФ, а таксама прыхаджане храма Праабражэння Гасподняга падчас акцыі ачысцілі прыхрамавую тэрыторыю ад смецця і пустазелля, высеклі хмызнякі, пачалі падсыпаць і выраўноўваць пад'езд да царквы.
Правядзенне падобных акцый вельмі актуальнае і для іншых благачынняў Віцебскай епархіі, бо адраджэнне духоўных святынь з'яўляецца годнай місіяй кожнага праваслаўнага хрысціяніна.