Архіепіскап Іаан наведаў Брэсцкі Кобрынскі дзіцячы дом

23 студзеня 2018

top.jpg

Многія гады выхаванцаў Кобрынскага дзіцячага дома віншуюць з Ражджаством Хрыстовым прадстаўнікі Царквы. У гэтым годзе раябты як родных і блізкіх сустракалі архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана, благачыннага цэркваў Кобрынскай акругі протаіерэя Багдана Хаму і сясцёр міласэрнасці з сястрыцтва ў гонар святой мучаніцы Таццяны пры Аляксандра-Неўскім кафедральным саборы горада Кобрына.

Увайшоўшы ў музычную залу, уладыка Іаан перш-наперш накіраваўся да рабят, каб пацікавіцца, як ім жывецца, якія падарункі яны атрымалі на Новы год. З непадробнай радасцю дзеці расказвалі архіерэю аб тым, у якіх навагодніх касцюмах яны вадзілі карагоды вакол ёлкі і якія госці прыходзілі да іх на свята. З пажаданнямі шчасця і здароўя, Божай ласкі ўладыка і сёстры міласэрнасці ўручылі кожнаму малому калядныя падарункі.

У знак падзякі за ўвагу і любоў дзеці выканалі танцы, а дэфектолаг дзіцячага дома разам са сваім вучнем Мішам Бакуном парадавалі ўсіх чарадзействам пескаграфіі.

Выхаванцы дзіцячай нядзельнай школы Аляксандра-Неўскага сабора штогод паказваюць дзеткам і гасцям цікавую тэатральную пастаноўку. На гэты раз гледачам была прадстаўлена казка Захарыі Тапеліуса «Тры жытніх коласа».

Звяртаючыся да дзяцей, уладыка Іаан сказаў:

— Мяне заўсёды ўяўляюць госцем, але я сябе госцем не лічу. Я прыходжу сюды, як у свой дом. Да вас, родных. Слава Богу ў гэтым доме вас становіцца менш, і вы здабываеце сапраўдную сям'ю, маму і тату. Я хачу павіншаваць усіх вас са светлым святам Ражджаства Хрыстовага і пажадаць міру, дабра, шчасця і дабрабыту.

Архіепіскап цёпла падзякаваў адміністрацыі дзіцячага дома.

— Не магу назваць вас работнікамі, таму што работнік працуе пэўны час. Вы ж служыце, гэта значыць працуеце пастаянна, бесперапынна. Вы служыце гэтым маленькім дзеткам, сваім блізкім, а значыць, і Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, — сказаў ён.

— Паважаны ўладыка Іаан, паважаны айцец Багдан, для нас заўсёды вялікі гонар прымаць вас у нашых сценах, — адказала дырэктар дзіцячага дома Наталля Дудко. — Дазвольце мне таксама павіншаваць вас з святамі, пажадаць здароўя, міру, любові, цярпення, надзеі. Я дзякую вам за тое святло, якое вы несяце ў нашу ўстанову, за вашыя малітвы за нас, за ваш удзел у лёсах нашых дзетак. Няхай ангелы-ахоўнікі заўсёды будуць з намі і заўсёды будуць абараняць гэтых дзетак.

Цёплыя словы віншаванняў з каляднымі святамі ў адрас усіх выхаванцаў і педагогаў дзіцячага дома прагучалі ад старшыні Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ Аляксандра Аксюціча і прадстаўнікоў ГА «Пазадарожны клуб «VitaraKobrin», якія прывезлі дзецям сокі і садавіну.

Брэсцкая епархія / Church.by