Архіепіскап Гомельскі Сцяфан узначаліў Літургію пад адкрытым небам на месцы былога Макар'еўскага манастыра
21 мая 2019Малітоўны ўспамін подзвігу свяшчэннамучаніка Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага, адбыўся 18 мая ў Гомельскай епархіі.
У гэты дзень архіепіскап Сцяфан узначаліў саборнае служэнне Літургіі пад адкрытым небам, якому папярэднічаў хрэсны ход да месца былога Макар'еўского манастыра.
За богаслужэннем маліліся ігуменні манастыроў Гомельскай епархіі: Іаана (Ярэц) з сёстрамі Успенскага жаночага манастыра вёскі Казімірава, Вера (Афонькіна) з сёстрамі Ціхвінскага жаночага манастыра горада Гомеля і манахіня Архелая (Новікава) з сёстрамі Іаана-Кармянскага жаночага манастыра вёскі Карма.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор Нікольскага манастыра горада Гомеля сумесна з духавенствам епархіі пад кіраўніцтвам рэгента Алены Бачкаровай.
Пропаведзь пасля запрычаснага верша прамовіў настаяцель храма свяшчэннамучаніка Аляксія Лельчыцкага ў горадзе Гомелі протаіерэй Аляксандр Лапушанскі.
Падчас Літургіі былі ўзнёсены малітвы аб міры на Украіне і вечная памяць пацярпеўшым у часы ганенняў за веру Хрыстову.
У пропаведзі па заканчэнні богаслужэння архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан адзначыў:
— Калісьці тут быў вялікі манастыр, у якім гарэла яркім агнём свечка хрысціянскай веры, у якім цякло жыццё і была сувязь з Богам. Наша місія як сапраўдных вернікаў — ніколі не забываць пра мінулае гэтага месца. Сёння мы аддаём даніну памяці не толькі гэтаму храму, але і свяціцелю Макарыю Кіеўскаму, які пад катаваннямі не здаўся ворагу і панёс мучаніцкую смерць.
Уладыка узнёс малітву свяшчэннамучаніку Макарыю Кіеўскаму, павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Хрыстовых Тайн і ў памяць аб гэтым дні раздаў усім багамольцам абразкі.
Па заканчэнні богаслужэння ўсе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у экскурсіі па тэрыторыі былога манастыра, якую правёў протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. Святар азнаёміў гасцей з уладкаваннем манастыра і манаскага жыцця.