Архіепіскап Гродзенскі Арцемій здзейсніў асвячэнне прастола абноўленай Каложскай царквы
16 студзеня 201914 студзеня 2019 года, у дзень свята Абрэзання Гасподняга і дзень памяці свяціцеля Васілія Вялікага, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій здзейсніў асвячэнне прастола абноўленай Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы.
Па заканчэнні чыну асвячэння ўладыка Арцемій здзейсніў Бажэственную літургію. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Гродзенскай епархіі протаіерэй Анатоль Ненартовіч, благачынны Гродзенскай акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык, настаяцель храма протаіерэй Аляксандр Балоннікаў і духавенства гродзенскіх парафій.
За літургіяй архіерэй уручыў настаяцелю храма протаіерэю Аляксандру Балоннікаву медаль «Каложскі Крыж» II ступені.
Епархіяльныя ўзнагароды былі таксама ўручаны людзям, якія прымалі актыўны ўдзел у аднаўленні храма. Так, генеральны дырэктар ААТ «Гроднажылбуд» Алег Ушкевіч быў узнагароджаны медалём «Каложская Адзігітрыя» III ступені. Варта адзначыць, што гэтая ўзнагарода ўручалася ўпершыню. Медалі «Каложскі крыж» III ступені былі ўдастоены: генеральны дырэктар РУП «Гроднаэнерга» Уладзімір Шатэрнік, генеральны дырэктар УП «Гроднааблгаз» Яўген Смірноў і дырэктар Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам» Віктар Мацвееў. Медалём «Каложскі крыж» II ступені быў узнагароджаны дырэктар ТАА «Будоўля» Павел Бузук.
Па заканчэнні богаслужэння ўладыка Арцемій звярнуўся да духавенства і прыхаджан з архіпастырскім словам.
Работы па абнаўленню старажытнай Каложскай царквы пачаліся ў канцы кастрычніка 2017 года. Задачай будаўнікоў стала максімальнае зберажэнне гэтага ўнікальнага помніка архітэктуры. Сродкі на аднаўленне выдаткоўваліся з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.
На жаль час не пашкадаваў драўляныя канструкцыі храма, частка з якіх прыйшла ў непрыдатнасць. Намаганні будаўнікоў былі сканцэнтраваныя на аднаўленні гэтых канструкцый: былі праведзены работы па замене і ўмацаванню кроквеннай сістэмы даху, заменена ашалёўка драўлянай сцяны храма, адноўлены аконныя і дзвярныя праёмы, устаноўлены новая дзверы з дуба.
Пры вырабе матэрыял ашалёўкі падвяргаўся спецыяльнай тэрмаапрацоўцы, прызначанай максімальна павялічыць тэрмін эксплуатацыі дрэва. Знутры былі выкарыстаныя парапрапускныя мембраны, выкарыстанне якіх дазваляе прадухіліць траплянне вільгаці ў памяшканне, з захаваннем магчымасці вываду ўтворанай пары вонкі.
Асобна варта адзначыць, што ўсе вышэйпералічаныя работы вяліся з захаваннем асноўнай функцыі храма — здзяйснення набажэнстваў. Для гэтага ўнутры храма была ўзведзена часовая сцяна, якая аддзяляе поле рамонтных работ ад дзеючай часткі царквы.
Таксама ў храме быў рэканструяваны верхні клірас, заменена падлога ў алтары, абноўлена панікадзіла XIX стагоддзя.
Не засталася без увагі і прылеглая да храма плошча — часткова было абноўлена брукаванне, добраўпарадкавана тэрыторыя. Для адводу ападкаў ад падмурка храма была ўсталявана новая дрэнажная сістэма.
У дадзены момант абмяркоўваюцца пытанні кансервацыі каменнай часткі храма і выраўноўвання тэмпературна-вільготнаснага рэжыму.