Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і мноства беларускіх паломнікаў прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях у гонар Смаленскай іконы Божай Маці
10 жніўня 20179-10 жніўня 2017 года ў Смаленску прайшлі ўрачыстасці з нагоды свята Смаленскай іконы Божай Маці.
У чараду святочных богаслужэнняў увайшлі: малая вячэрня з чытаннем акафіста іконе Смаленскай Божай Маці «Адзігітрыя», усяночнае трыванне; у дзень свята ў Успенскім кафедральным саборы, дзе знаходзіцца цудатворны Смаленскі абраз Багародзіцы, здзяйснялася тры Бажэственныя літургіі — апоўначы, у 6.00 і ў 10.00. Традыцыя начнога богаслужэння насвята Смаленскай «Адзігітрыі», разам са святамі Ражджаства Хрыстовага і Светлага Хрыстовага Уваскрасення, была ўстаноўлена ў 2016 годзе і выклікала жывы водгук вернікаў, якія збіраюцца апоўначы ў кафедральны храм прыняць удзел у Літургіі.
Богаслужэнне разам з мітрапалітам Смаленскім і Дарагабужскім Ісідарам здзейснілі: мітрапаліт Цярнопальскі і Крамянецкі Сергій, мітрапаліт Кемераўскі і Пракоп'еўскі Арыстарх, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, епіскап Шчыгроўскі і Мантураўскі Паісій, епіскап Сярэднеўральскі Яўген, епіскап Вяземскі і Гагарынскі Сергій, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі епіскап Любярэцкі Серафім, епіскап Рослаўльскі и Дзеснагорскі Мялецій.
Архіпастырам саслужылі клірыкі Смаленскай мітраполіі і госці ў свяшчэнным сане, якія прыбылі на свята. За Літургіяй спяваў архіерэйскі хор Успенскага сабора (рэгент — Алена Фралова). Прамая трансляцыя богаслужэння ажыццяўлялася на сайце мітраполіі і епархіяльным канале на YouTube.
У саборы прысутнічалі: губернатар Смаленскай вобласці Аляксей Астроўскі, старшыня Смаленскай абласной Думы Ігар Ляхаў, кіраўнік горада Смаленска Уладзімір Саварэнка, спікер Смаленскага гарадскога савета Юрый Сынкін, прадстаўнікі апарата адміністрацыі Смаленскай вобласці і горада Смаленска.
За Літургіяй маліліся студэнты Смаленскіх духоўных школ, ігуменні і насельніцы манастыроў Смаленскай мітраполіі, удзельнікі штогадовага Адзігітрыеўскага хрэснага ходу з Віцебска, сёстры міласэрнасці смаленскага сястрыцтва ў гонар іконы Божай Маці «Адзігітрыя», смаляне і паломнікі. Дапамогу ў саборы аказвалі валанцёры з епархіяльнага моладзевага аб'яднання «Праваслаўныя добраахвотнікі Смаленшчыны». Правапарадак падчас урачыстасцяў падтрымлівалі казакі Смаленскага гарадскога казацкага таварыства.
Па заканчэнні Літургіі вакол сабора быў здзейснены хрэсны ход з цудатворным Смаленскім абразом, затым на плошчы адбыўся святочны малебен. Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся мітрапаліт Смаленскі і Дарагабужскі Ісідар, мітрапаліт Цярнопальскі і Крамянецкі Сергій, епіскап Любярэцкі Серафім. Іерархам, якія прыбылі на свята, былі ўручаны вышэйшыя ўзнагароды Смаленскай епархіі — медалі ў гонар Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя».
У дні свята ў Смаленску па традыцыі прайшоў двухдзённы фестываль звону «Адзігітрыеўскі». Цяпер фестываль набыў статус міжнароднага: у ім, разам са званарамі са Смаленска, Масквы, Кемерава, выступілі ўдзельнікі з Рэспублікі Беларусь і Італіі. Майстры-званары парадавалі ўдзельнікаў урачыстасцяў святочным звонам і падзяліліся сакрэтамі званарного мастацтва на майстар-класах і круглым стале «Званіца майго храма».
У вялікім Адзігітрыеўскім канцэрце ля сцен Успенскага сабора прынялі ўдзел творчыя калектывы са Смаленска, Санкт-Пецярбурга, Саратава, Віцебска і іншых гарадоў Расіі і Беларусі. На Саборным ўзгорку было арганізавана спаборніцтва лучнікаў, праходзіла выстава-кірмаш «Горад майстроў».