Епархіяльная інтэлектуальная гульня «Вера» адбылася ў Слоніме

28 мая 2017

top.jpg

Па благаславенню архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя ў рамках святкавання 700-годдзя заснавання і 25-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі ў горадзе Слоніме 27 мая адбылася епархіяльная інтэлектуальная гульня «Вера».

Галоўнай мэтай гульні было прыцягненне моладзі да вывучэння асноў праваслаўнага веравучэння, гісторыі епархіі, а таксама згуртаванне маладых праваслаўных вернікаў розных благачынняў. Праводзілася мерапрыемства ў форме гульні «Брэйн-рынг».

Благачынніцкія каманды, якія складаліся з выхаванцаў моладзевых груп нядзельных школ, прадстаўнікоў брацтваў і маладых прыхаджан храмаў, спаборнічалі ў веданні гісторыі Навагрудскай епархіі, яе святынь, мінулага і сучаснага жыцця храмаў і манастыроў. Маладым людзям прапаноўваліся таксама пытанні на веданне Новага Запавету і пытанні ад правячага архіерэя.

Спецыяльна арганізаваная фотавыстаўка «Навагрудская епархія: мінулае і сучаснасць» паслужыла добрай падмогай у спаборніцтве.

Як і любы конкурс, гульня выявіла сваіх пераможцаў, хоць, па вялікім рахунку, прайграўшых тут не было. Кожны ўдзельнік набыў новыя веды і, акрамя таго, знайшоў мноства новых сяброў.

Навагрудская епархія / Church.by