Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін здзейсніў сваё першае богаслужэнне пасля абрання Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі

26 жніўня 2020

top.jpg

26 жніўня 2020 года, у сераду сядміцы 12-й пасля Пяцідзесятніцы, адданне свята Праабражэння Гасподняга, Мінскай іконы Божай Маці, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін здзейсніў Бажэственную літургію ў храме Мінскай іконы Божай Маці горада Смалявічы.

Яго Праасвяшчэнству саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 1-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Ражджаства Хрыстова ў горадзе Барысаве протаіерэй Аляксандр Вярбіла; благачынны Смалявіцкай царкоўнай акругі, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Слабада Азярыцка-Слабадскога с/с іерэй Іаан Ясюкевіч; настаяцель прыхода храма Мінскай іконы Божай Маці горада Смалявічы іерэй Нікадзім Пашкоў; духавенства Барысаўскай епархіі.

Дыяканскі чын здзейсніў клірык прыхода храма ў гонар святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца гарадскога пасёлка Смілавічы дыякан Уладзімір Букштуновіч.

Богаслужэбныя спевы выканаў парафіяльны хор пад кіраваннем рэгента Анастасіі Калчанавай.

Пасля патроенай екценні архіпастыр узнёс малітву «За Беларускі народ».

Па заканчэнні богаслужэння адбыўся традыцыйны хрэсны ход, пасля чаго было здзейснена слаўленне Мінскай іконе Божай Маці.

Затым Патрыяршы Экзарх звярнуўся да вернікаў са словам, у якім адзначыў, што сёння, калі грамадства перажывае падзел і разумее, што немагчыма ўсё выправіць толькі чалавечымі намаганнямі, вельмі важна аб'яднацца ў малітве Божай Маці. У гэтыя дні Успенскага посту, які набліжаецца ўжо да завяршэння, уладыка Веніямін заклікаў да асаблівай малітвы і посту ўсіх праваслаўных хрысціян. Таксама ён адзначыў, што перш, чым зрабіць нешта вялікае і значнае, трэба ачысціць сваё сэрца, і таму, акрамя малітвы і посту, неабходна яшчэ і пакаянне. Толькі з малітвай, змірэннем і пакаяннем мы зможам знайсці лепшы выхад з сітуацыі, вярнуцца да мірнага і богаўгоднага жыцця і вызначыць шляхі паспяховага развіцця нашай Айчыны.

Па заканчэнні пропаведзі настаяцель прыхода храма Мінскай іконы Божай Маці горада Смалявічы іерэй Нікадзім Пашкоў ў знак падзякі за сумесную малітву і архіпастырскі візіт паднёс у дар абранаму мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, епіскапу Барысаўскаму і Мар'інагорскаму Веніяміну архіерэйскую панагію.

У завяршэнне уладыка Веніямін павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

Church.by

Фотарэпартаж