Выдадзена кніга «Што Бог пашле, тое і буду трываць...» пра свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага

26 кастрычніка 2022

555.jpg

У мінскім выдавецтве «Чатыры чвэрці» ўбачыла свет кніга «Што Бог пашле, тое і буду трываць...», прысвечаная жыццю і подзвігу свяшчэннамучаніка  Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, які стаў першым святаром на беларускай зямлі, як прыняў пакутніцкую смерць у пачатку ХХ стагоддзя ад рук мясцовых камуністаў.

Выхад кнігі прымеркаваны да 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях і 110-годдзя з дня асвячэння храма Успення Прасвятой Багародзіцы, пабудаванага ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына, у якім у свой час служылі спачатку бацька свяшчэннамучаніка Канстанціна, а затым і ён сам.

Жыццё святара праходзіла ў постуніяцкі перыяд гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях, у гады Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Яна з'яўляецца для кожнага з нас прыкладам любові і вернасці Богу, мужнасці і моцы духу.

Падрыхтаванае выданне грунтуецца як на ўжо вядомых, так і на новых фактах. Тут змешчаны трапар, кандак і малітва свяшчэннамучаніку Канстанціну. Кніга багата ілюстравана ўнікальнымі архіўнымі здымкамі і сучаснымі фатаграфіямі.

Выданне будзе карысным не толькі для гісторыкаў, краязнаўцаў, багасловаў і вернікаў, але і ў правядзенні мерапрыемстваў па духоўна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Праект падрыхтаваны па благаславенню і пад кіраўніцтвам епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація. Канцэпцыя — дыякана Уладзіміра Джэжоры. Укладальнікі: магістр багаслоўя дыякан Уладзімір Джэжора; прафесар, доктар гістарычных навук С.П. Стрэнкоўскі; І. І. Шаховіч пры ўдзеле Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Кнізе прысвоены грыф Выдавецкай рады Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Бібліяграфічнае апісанне

«Что Бог пошлет, то и буду терпеть…». Жизнь и подвиг священномученика Константина Жданова / [сост. диакон Владимир Джежора, С. П. Стренковский, И. И. Шахович; рук. проекта епископ Полоцкий и Глубокский Игнатий (Лукович); рекомендовано к публикации Издательским советом Белорусской Православной Церкви. ИС Б22-206-0041]. - Минск: Четыре четверти, 2022. - 128, [2] с.: ил.

***

Свяшчэннамучанік Канстанцін Дзмітрыевіч Жданаў нарадзіўся ў 1875 годзе ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобласці) у шматдзетнай сям'і святара. Пры іх доме быў невялікі прытулак для жабракоў. Бацька стаў ва ўсім прыкладам для Канстанціна, і сваё жыццё ён таксама звязаў са служэннем Богу і блізкім.

У 17 гадоў Канстанцін паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні, але праз два гады, у сувязі са смерцю маці, пакінуў вучобу і ўладкаваўся працаваць на чыгунку, каб дапамагчы бацьку ўтрымліваць малодшых дзяцей.

У 1900 годзе Канстанцін ажаніўся і быў рукапаложаны ў дыякана, а праз некалькі месяцаў у свяшчэнніка і ў сувязі са смерцю бацькі пераведзены настаяцелем Свята-Успенскага храма ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына, каб клапаціцца пра сваіх яшчэ непаўналетніх братоў і сясцёр. Там ён праслужыў 19 гадоў.

У 1904 годзе айцец Канстанцін аўдавеў, застаўшыся з двухгадовым сынам на руках. Смутак ад страты маці ў юнацкім узросце і сіроцтва ўласнага сына не маглі пакінуць сэрца айца Канстанціна безуважным да дзіцячага гора. Ён стаў арганізоўваць прытулкі для дзяцей-сірот, таксама дапамагаў бяздольным і ўбогім.

У 1912 годзе ў мястэчку пад кіраўніцтвам айца Канстанціна была пабудавана новая Свята-Успенская царква, значную частку сродкаў на яе будаўніцтва ахвяравалі прыхаджане і дабрачынцы. У падзяку за вялікую працу прыхаджане падаравалі айцу Канстанціну абраз роўнаапостальнага цара Канстанціна. Гэтая ікона з дароўным надпісам захавалася да цяперашняга часу.

У гады савецкай улады бацюшка заклікаў вернікаў да ўзмоцненай малітвы, узаемадапамогі, цярпенню ў жальбах. Вясной 1919 года іерэя Канстанціна арыштавалі. Прыхаджане спрабавалі выратаваць яго: прасілі адпусціць, прапаноўвалі нават выкуп, сталі збіраць подпісы з просьбай вызваліць айца Канстанціна, але бальшавікі адправілі святара ў Дзісну, дзе ён разам з іншымі святарамі быў прысуджаны да смерці. Пасля здзекаў і катаванняў п'яныя канваіры прымусілі пакутнікаў выкапаць сабе магілу, потым аглушылі айца Канстанціна лапатай і жывым закідалі зямлёй. Праз некалькі дзён прыхаджане выкапалі цела забітага бацюшкі і пахавалі ў склепе пад алтаром Дзісненскай могілкавай Свята-Адзігітрыеўскай царквы.

У 2008 годзе пачэсныя парэшткі свяшчэннамучаніка Канстанціна былі выняты з-пад спуду і змешчаны ў Васкрасенскім храме горада Дзісны.

Свяшчэннамучанік Канстанцін Жданаў далучаны да ліку святых новамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай 11 сакавіка 2020 года рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

Дні памяці: 29 красавіка (16 красавіка паводле старога стылю), у саборы Беларускіх святых і ў саборы новамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай.

Полацкая епархія/Выдавецкая рада БПЦ/Church.by

Чытайце нас у TelegramViberInstagramВКонтакте