Мінскае духавенства малітоўна памянула нявінна забітых у Курапатах
22 красавіка 201722 красавіка 2017 года, у суботу Светлай сядміцы, клірыкі 3-га Мінскага гарадскога благачыння на чале з благачынным протаіерэем Мікалаем Коржычам ушанавалі памяць усіх нявінна забітых і пахаваных ва ўрочышчы Курапаты.
Узнесці памінальныя малітвы прыйшлі і прыхаджане Успенскага прыхода ў вёсцы Цна, тэрытарыяльна самага блізкага да Курапатаў, і вернікі мінчане.
Айцец Мікалай вітаў усіх прысутных велікодным прывітаннем: «Хрыстос уваскрэс!» і падзякаваў за ўдзел у сумеснай малітве.
— Перажываючы і святкуючы дні Святой Пасхі, мы святкуем тое, што укрыжаваны, пацярпелы Гасподзь Іісус Хрыстос Сваім Уваскрасеннем перамог смерць, перамог зло, перамог цемру, перамог усё дрэннае, што ёсць у гэтым свеце! Успамінаючы памяць тых, хто быў расстраляны і пахаваны на гэтым месцы, мы аддаем доўг малітвы за гэтых людзей. У цэлым, у 2017 годзе мы па благаславенню нашага Кіраўніцтва ўспамінаем 100-годдзе пачатку ганенняў. Вядома, мы павінны памятаць усіх пацярпелых за веру Хрыстову, усіх нявінна закатаваных і забітых у тыя цяжкія гады. Няхай упакоіць іх Гасподзь у селішчах з праведнымі! Вечная ім памяць! — сказаў у пропаведзі айцец благачынны.