Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін здзейсніў чын асвячэння капліцы ў гонар святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі»
19 чэрвеня 202118 чэрвеня 2021 года, у дзень аддання свята Узнясення Гасподняга, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў чын асвячэння капліцы ў гонар святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца, пабудаванай на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі», а таксама адслужыў памінальную ліцію ў памяць дзясяткаў тысяч савецкіх салдат і мірных жыхароў, пахаваных на тэрыторыі мемарыяла.
Набажэнства адбылося ў межах духоўна-патрыятычнай акцыі «Памяццю і смуткам свет пераможа вайну», арганізаванай ГА «Беларускі фонд міру» сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам і Беларускай Праваслаўнай Царквой і прымеркаванай да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Акцыя пачалася з хрэснага ходу ад сцен Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага манастыра да мемарыяльнага комплексу, які ўзначалілі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін і епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Архіпастыраў суправаджалі сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі, асабісты сакратар галавы Полацкай епархіі дыякан Уладзімір Джэжора, насельніцы Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел звыш 500 чалавек: ветэраны, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы Рэспублікі, прадстаўнікі органаў выканаўчай і заканадаўчай улады, кіраўнікі ўсіх рэлігійных канфесій, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, арганізацыі і грамадзяне Беларусі, якія ўнеслі вялікі ўклад у будаўніцтва мемарыяла, міратворчы актыў усіх абласцей краіны, сваякі загінуўшых і пахаваных на гэтым месцы.
Выступаючы перад прысутнымі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка адзначыў: «Ёсць раны, якія час не лечыць. І памяць аб тых пакутах пекла, якія прыйшлося вынесці беларусам у гады фашысцкай акупацыі, гэта пастаянны і невыносны боль і абавязак пакаленняў. Нам сёння кажуць: «Давайце ўсё забудзем». Але гісторыя — гэта не цацка, з якой можна гуляць як захочацца і скажаць. Гісторыя вечная. Існуе справядлівасць, факты і доказы. І калі мы забудзем мінулае, то мы можам у яго вярнуцца. Мы не павінны дапусціць гэтага. «Урочышча Пяскі» — гэта сведчанне страшнай трагедыі, якая разгарнулася ў самым цэнтры Еўропы, забываць пра якую мы не маем права. Наша памяць аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на долю нашых бацькоў і дзядоў, перапоўнена болем і смуткам, але адначасова і гонарам за тых, хто зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб вайна скончылася перамогай савецкага народа».
Далей выступіў Максім Місько, старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» і Ганна Тумаш, навучэнка «Школы міру» УА «Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Ф. Скарыны».
У рамках мерапрыемства адбылася тэатралізаваная патрыятычная пастаноўка, падрыхтаваная ўдзельнікамі Народнага тэатра «Пілігрым» ДУК «Полацкі гарадскі Палац культуры» (рэжысёр Вера Кісялёва), у якой былі задзейнічаны не толькі акцёры тэатра, а таксама навучэнцы і вайскоўцы горада Полацка.
Напрыканцы акцыі гараджане і госці сустрэчы ўшанавалі памяць аб ахвярах вайны хвілінай маўчання і па традыцыі ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла.
* * *
Мемарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі» — гэта месца масавага пахавання ваеннапалонных нямецкага транзітнага лагера ДУЛАГ-125. Сюды ж прывозілі расстраляных і павешаных з грамадзянскага лагера «Громы», закопвалі вязняў гарадской турмы і гестапа. На месцы былога лагера пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяр нацызму. За перыяд існавання лагера з 1941 па 1944 год загінула больш за 40 тысяч савецкіх ваеннапалонных, мірных жыхароў і партызан.