Малітвай у абарону жыцця адзначылі ў Оршы 50-годдзе гарадской радзільні

08 чэрвеня 2019

top.jpg

Кожнае восьмае дзіця Віцебшчыны з'яўляецца на свет ў Аршанскім гарадскім радзільным доме. Пяць гадоў таму супрацоўнікі радзільні пачалі праводзіць акцыю «Разам у абарону жыцця» — і за гэты час выратавалі 52 дзіцяці.

Павіншавалі калектыў з юбілеем намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мікалай Каспяровіч, галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Аляксей Кароткі, благачынны Аршанскай Цэнтральнай акругі протаіерэй Валерый Сярко і іншыя ганаровыя госці.

— Тут дораць шчасце мацярынства і бацькоўства, — заўважыў Мікалай Каспяровіч. — Як і 50 гадоў таму, у радзільным доме светла і ўтульна, але за гэты час магчымасці медустановы сталі значна шырэйшымі. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых перынатальных цэнтраў Віцебскай вобласці, у якім аказваюць дапамогу жыхаркам Аршанскага, Дубровенскага і Талочынскага раёнаў.

З'явіліся на свет у гэтым радзільным доме і большасць юных артыстаў-удзельнікаў творчых калектываў устаноў культуры Аршчаншчыны, якія выступілі на свяце.

Загадчыца радзільні Іна Крачак нагадала, што разам з юбілеем радзільні калектыў адзначае не менш важную дату — пяцігоддзе акцыі «Разам у абарону жыцця».

— Вы памятаеце, як мы яе пачыналі? — звярнулася Іна Юр'еўна да калег. — Да нас прыходзілі навучэнцы навучальных устаноў раёна, мы правялі для дзяўчынак экскурсію па палатах, і яны паглядзелі, як выдатна, калі мама з дзіцем знаходзяцца разам. Дзіця плача — і здаецца, што гэта дрэнна. Але гэта добра: гэта новы голас, новы грамадзянін нашай Рэспублікі. Мы падключылі моладзь, усе грамадскія арганізацыі. І сёння мы разам. Рады, што наша акцыя знайшла водгук у сэрцах. Усё нездарма: за 5 гадоў мы захавалі 52 дзіцячыя жыцці — гэта два школьныя класы! Таму юбілей акцыі такі ж важны, як залаты юбілей радзільні. 50 — здаецца, такая вялікая колькасць.

Пасля ўдзельнікі свята прайшлі ад радзільнага дома да храма прападобнага Леаніда, дзе прынялі ўдзел у малебне «У абарону жыцця» і акцыі «Пастаў свечку».

Прадоўжыліся юбілейныя мерапрыемствы ў Доме культуры чыгуначнікаў святочным канцэртам.

Віцебская епархія / Church.by