На базе Усіхсвяцкага храма сталіцы прайшло выніковае пасяджэнне Кансультатыўнага савета нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь

25 студзеня 2019

top.jpg

На базе храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых, адбылося выніковае пасяджэнне Кансультатыўнага савета нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні Савета прысутнічалі старшыні 12 нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь (армянская, польская, азербайджанская, чувашская, татара-башкірская, малдаўская, іранская, палесцінская, цыганская, эстонская, літоўская і руская дыяспары), а таксама дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (РЦНК) Вольга Антоненка, супрацоўнікі РЦНК і дырэктар ДУ «Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння» Аляксандр Госцеў.

Асноўнымі пытаннямі пасяджэння з'яўляліся: падвядзенне вынікаў 2018 года, планаванне работы грамадскіх аб'яднанняў на 2019 год з улікам святкавання 25-гадовага юбілею дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама падрыхтоўка дыяспар да ўдзелу ў XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. Для ўдзельнікаў пасяджэння была таксама праведзена пазнавальная экскурсія па крыпце і храму Усіх Святых, наведванне якіх пакінула незабыўныя ўражанні і захопленыя водгукі ў наведвальнікаў.

Кансультатыўны савет з'яўляецца грамадскім кансультацыйным органам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. У склад Савета ўваходзяць прадстаўнікі зарэгістраваных нацыянальных культурна-асветніцкіх аб'яднанняў. Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур быў створаны ў 1994 годзе для каардынацыі дзейнасці нацыянальна-культурных аб'яднанняў і суайчыннікаў за мяжой, а таксама для аказання ім арганізацыйна-метадычнай дапамогі. На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь пражываюць прадстаўнікі 141 нацыянальнасці, функцыянуе больш за 200 грамадскіх арганізацый і іх філіялаў. У сваю чаргу за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае больш за 3,5 мільёнаў беларускіх суайчыннікаў, выхадцаў з Беларусі і іх нашчадкаў, створана і дзейнічае звыш 220 грамадскіх аб'яднанняў беларусаў у краінах былога СССР, Еўропы, Амерыкі, а таксама ў Аўстраліі, Аргенціне, Вялікабрытаніі і г. д.

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праводзіцца на працягу двух гадоў і ўключае мерапрыемствы грамадскіх аб'яднанняў грамадзян, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў. Фестываль праводзіцца ў некалькі тураў: раённы, гарадскі, абласны і Мінскі гарадскі. Заключныя мерапрыемствы праводзяцца ў горадзе Гродна. У фестывалі прымаюць удзел непрафесійныя і аматарскія калектывы мастацкай самадзейнасці і выканаўцы нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў, арганізацый культуры і навучальных устаноў, якія маюць у сваім рэпертуары творы нацыянальных культур; народныя майстры, навучальныя ўстановы, бібліятэкі з фондамі дакументаў розных народаў, выдавецкія арганізацыі, сродкі масавай інфармацыі і друкаваныя выданні нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў, а таксама арганізацыі грамадскага харчавання з нацыянальнымі кухнямі. 

Hramvs.by Church.by