Асвечаны мемарыяльны знак у памяць Героя Савецкага Саюза лётчыка Барыса Акрэсціна
23 верасня 201722 верасня на тэрыторыі сярэдняй школы № 144 беларускай сталіцы адбылося адкрыццё мемарыяльнага знака ў памяць Героя Савецкага Саюза лётчыка Барыса Акрэсціна.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Аксана Няхайчык, кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Юрый Трушчанка, кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Аляксандр Дараховіч, пракурор горада Мінска Сяргей Хмарук, ветэраны Узброеных сіл, навучэнцы гімназіі № 30, якая носіць імя Барыса Акрэсціна, і сярэдняй школы № 144, паведамляецца на партале «Минск-Новости».
Сімвалічную чырвоную стужку разрэзалі Юрый Трушчанка і Аляксандр Дараховіч.
Капсулу памяці каля мемарыяльнага каменя заклалі навучэнец гімназіі № 30 Данііл Баскаў і вучань сярэдняй школы № 144 Данііл Весялоў.
Клірык прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў мікрараёне Шабаны протаіерэй Яўген Грамыка адслужыў кароткую памінальную ліцію і асвяціў памятны знак.
Акрэсцін Барыс Сямёнавіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў Маскве. Ваяваў з 1942 года, у красавіку 1944-га быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. 6 ліпеня 1944 года ў баі пад Мінскам камандзір экіпажа ІЛ-2 Барыс Акрэсцін накіраваў сваю падбітую падпаленую машыну на скапленне варожай ваеннай тэхнікі.
Праз гады пошукавыя атрады ўсталявалі дакладнае месца гібелі герояў — камандзіра экіпажа Барыса Акрэсціна і паветранага стралка Віктара Саладухіна — непадалёк ад пасёлка Сосны. Знойдзеныя часткі самалёта былі перададзены ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а астанкі герояў пахаваны на вайсковых могілках.
Пошукавую дзейнасць працягнулі навучэнцы гімназіі № 30, якія знайшлі сваякоў герояў і выступілі з ініцыятывай усталяваць на месцы апошняга бою экіпажа памятны знак – прыродны камень-валун з мемарыяльнай дошкай. Камень быў знойдзены непадалёк ад вёскі Камянец Рагоўскага сельсавета Мінскага раёна.
— Сімвалічна, што знак, які нагадвае нам пра подзвіг герояў-лётчыкаў, усталяваны на валуне, у памяці якога захоўваюцца мільёны гадоў нашай гісторыі, — адзначыў ветэран Анатоль Отруба.