Адышоў да Госпада старэйшы супрацоўнік Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Іван Навумавіч Цырульнік
28 чэрвеня 201723 чэрвеня 2017 года на 94-м годзе жыцця памёр Іван Навумавіч Цырульнік — найстарэйшы супрацоўнік Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Адышоў да Госпада нястомны працаўнік, які ўнёс вялікі ўклад у справу адраджэння царкоўнага жыцця на Белай Русі.
Нарадзіўся Іван Навумовіч Цырульнік у горадзе Адэсе 30 кастрычніка 1923 года. У 1941 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, паступіў у Адэскае артылерыйскае вучылішча. З пачаткам вайны выкладчыкі і курсанты былі эвакуяваныя на Урал. Скончыўшы вучылішча ў 1942 годзе, Іван Цырульнік ваяваў з нацыстамі на Паўночна-Заходнім фронце. Спачатку ён быў накіраваны ў артылерыйскі полк камандзірам узвода, затым быў прызначаны начальнікам разведкі дывізіёна. Задачай 18-гадовага маладога чалавека была разведка размяшчэння варожых часцей і арганізацыя працэсу баявых дзеянняў.
У чэрвені 1943 года ў час выканання баявога задання Іван атрымаў цяжкую траўму. У сваім цудоўным выздараўленні бачыў Промысел Божы.
Перамогу Іван Навумавіч Цырульнік сустрэў пад Берлінам. Пасля заканчэння вайны яшчэ 10 гадоў служыў у артылерыйскіх войсках. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Адэскай абласной газеце, а затым у 1956 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1961 годзе і быў накіраваны на працу ў горад Мінск.
У 1965 годзе Іван Навумавіч Цырульнік прыняў Хрышчэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы. У пачатку 1970-х гадоў Іван Навумавіч і яго жонка Ніна Леанідаўна абвянчаліся.
Сваіх рэлігійных перакананняў Іван Навумовіч Цырульнік не хаваў, за што часта меў праблемы з атэістычным начальствам.
22 гады Іван Навумавіч працаваў на Беларускім тэлебачанні. У лістападзе 1983 года ён звольніўся ў сувязі з выхадам на пенсію і адразу ж паступіў на працу ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне.
Мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт прызначыў Івана Навумавіча Цырульніка на пасаду дзяжурнага па будаўніцтве будынка Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, а затым на пасаду рэферэнта Мінскага епархіяльнага ўпраўлення па арганізацыйных пытаннях.
За старанную працу Іван Навумавіч Цырульнік неаднаразова ўдастойваўся агульнацаркоўных узнагарод. У 1993 годзе ён быў уганараваны ордэнам роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра III ступені, а ў 1998 годзе — ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага III ступені.
У 2003 годзе зважаючы на старанную працу і ў сувязі з 80-годдзем з дня нараджэння мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, удастоіў Івана Навумавіча вышэйшай узнагароды Беларускай Праваслаўнай Царквы — ордэна Крыжа прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай.
Да канца сваіх дзён Іван Навумавіч Цырульнік нёс послух у Мінскім епархіяльным упраўленні і быў пастаянным прыхаджанінам Свята-Духава кафедральнага сабора. Нават у сталыя гады ён захаваў бадзёрасць духу і яснасць розуму, а галоўнае — моцную веру ў Бога і вернасць Царкве.
Спачуванні родным і блізкім памерлага раба Божага Іаана выказалі мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Вечная памяць Івану Навумавічу Цырульніку!