Велікодны канцэрт «Пунсовыя ветразі» адбыўся ў Бабруйску
18 красавіка 201815 красавіка 2018 года ў Палацы мастацтваў горада Бабруйска адбыўся святочны музычны вечар, прысвечаны святу Светлага Хрыстова Уваскрасення.
Канцэрт наведалі прадстаўнікі кіраўніцтва горада на чале са старшынёй Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандрам Студневым, бабруйскае духавенства, кіраўнікі гарадскіх прадпрыемстваў.
Пачалося свята з выставы-продажу велікодных сувеніраў. Госці змаглі ацаніць карціны, шкатулкі, паштоўкі, аплікацыі на велікодную тэматыку, якія зрабілі сваімі рукамі дзеці з нядзельных школ.
Далей бабруйчан са святам Светлай Пасхі павіншавалі юныя прыхаджане Лізавецінскага храма Бабруйска. Яны паказалі музычны спектакль «Пунсовыя ветразі».
Дзеці не толькі разыгралі кранальнае прадстаўленне, але і танцавалі, і спявалі. Спектакль суправаджаўся адмысловым відэарадам, у якім былі выкарыстаны фатаграфіі саміх удзельнікаў прадстаўлення, малюнкі на тэму аповесці Аляксандра Грына «Пунсовыя ветразі» і на біблейскую тэматыку.
Напісала сцэнарый і паставіла спектакль Людміла Навумчык, намеснік дырэктара аграрна-эканамічнага каледжа і кіраўнік тэатральнай студыі нядзельнай школы пры Лізавецінскім храме.
Пасля спектакля гледачоў парадавалі сваімі выступленнямі салісты Магілёўскай абласной філармоніі Алена Мацярынка і Павел Усовіч, народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна. Таксама з музычным Велікодным віншаваннем выступіў ансамбль мужчынскага хору «Усіхсвяцкі».
Са словам прывітання да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства звярнуўся епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім:
– Свята Пасхі адзначаецца сорак дзён, а паколькі сёння толькі шосты дзень, мы яшчэ толькі пачалі яе святкаваць. У нашай краіне Пасха адзначаецца вельмі ўрачыста, кожны чалавек адчувае, што ў паветры разліты святочны настрой. Жадаю ўсім добрага здароўя, Пасхальнай радасці не толькі ў гэтыя дні, але і ва ўсе дні!
Таксама ў гэты дзень наведала Бабруйск рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Кацярына Дулава.
— Сёння дзіўны дзень! Цяпер самыя радасныя дні года, калі сэрца адкрываецца, калі мы аддаем і прымаем цяпло. Я ў шчырым захапленні ад таго, якія ў Бабруйску таленавітыя дзеці! Я вельмі ўдзячная ўсім тым, хто падтрымлівае высокае культурнае і духоўнае выхаванне нашай моладзі. Віншую ўсіх з Вялікаднем! — сказала Кацярына Мікалаеўна.