Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці з нагоды актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі
12 лістапада 201712 лістапада 2017 года, у Нядзелю 23-ю пасля Пяцідзесятніцы, адбыўся актавы дзень Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага. Урачыстасці з нагоды актавага дня ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Раніцай Патрыяршы Экзарх здзейсніў Бажэственную літургію ў акадэмічным храме свяціцеля Кірыла Тураўскага. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце архімандрыт Васіян (Змееў); рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў); першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Алег Голубеў; першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, настаяцель прыхода акадэмічнага храма свяціцеля Кірыла Тураўскага протаіерэй Уладзімір Далгаполаў; прадстаўнікі духоўных навучальных устаноў Рускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкай карпарацыі і студэнты Мінскай духоўнай акадэміі ў свяшчэнным сане.
Богаслужэбныя спевы выканалі: мужчынскі хор Мінскай духоўнай акадэміі пад кіраўніцтвам Георгія Сіліча і Канстанціна Карманава, змешаны хор Мінскіх духоўных школ пад кіраўніцтвам Наталлі Мядзведзь і дзіцячы хор нядзельнай школы Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраваннем Фёдара Ляснеўскага.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў выкладчык МінДА іерэй Дзімітрый Каўрыга.
За богаслужэннем мітрапаліт Павел рукапалажыў студэнтаў першага курсу аспірантуры: дыякана Цімафея Чарапеннікава — у іерэя, а Андрэя Скакуна — у дыякана.
Па заамвоннай малітве ўладыка Экзарх здзейсніў чын пастаўлення ў чытальнікаў навучэнцаў аспірантуры Мінскай духоўнай акадэміі.
Па заканчэнні богаслужэння мітрапаліт Павел павіншаваў рэктара МінДА архімандрыта Сергія, выкладчыкаў, навучэнцаў і гасцей з актавым днём духоўнай акадэміі і звярнуўся да ўсіх са словам павучання. Патрыяршы Экзарх заклікаў будучых пастыраў рабіць усё магчымае, каб кожны чалавек, які сустракаецца з імі, павярнуўся да Хрыста, стаў на шлях выканання адкрытых Богам Евангельскіх запаведзяў, якія вядуць у Царства Божае.
Мітрапаліт Павел павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і даў усім архіпастырскае благаславенне. На малітоўную памяць вернікам былі раздадзены абразкі свяціцеля Кірыла Тураўскага.
Было абвешчана мнагалецце Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, уладам, войску і народу нашай краіны, выкладчыкам і навучэнцам Мінскай духоўнай акадэміі, а таксама ўсім, хто маліўся у храме.
Затым адбыўся ўрачысты сход з нагоды актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі.
Сход вёў рэктар МінДА архімандрыт Сергій (Акімаў). Ва ўступным слове ён нагадаў, што першая група студэнтаў была залічана ў Мінскую духоўную акадэмію ў лістападзе 1996 года. Менавіта таму лістапад быў абраны месяцам правядзення актавага дня. Айцец рэктар агучыў статыстычныя дадзеныя аб акадэміі, адзначыўшы, што цяпер у магістратуры і аспірантуры МінДА навучаюцца 112 чалавек і працуюць 35 штатных выкладчыкаў. Далей архімандрыт Сергій агучыў віншавальны адрас архіепіскапа Вярэйскага Яўгенія, старшыні Вучэбнага камітэта Рускай Праваслаўнай Царквы, рэктара Маскоўскай духоўнай акадэміі.
Віншаванне рэктара Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі архіепіскапа Пецяргофскага Амвросія зачытаў дацэнт СПбДА протаіерэй Георгій Шмід, віншаванне кіраўніка спраў Украінскай Праваслаўнай Царквы, рэктара Кіеўскіх духоўных акадэміі і семінарыі мітрапаліта Барыспальскага і Браварскога Антонія — выкладчык КДАіС іераманах Канстанцін (Коваль), віншаванне рэктара Казанскай духоўнай семінарыі мітрапаліта Казанскага і Татарстанского Феафана — першы прарэктар КазДС ігумен Яўфімій (Маісееў), віншаванне рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя — выкладчык МінДС іерэй Яўген Саланкоў, віншаванне рэктара Віцебскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя — першы прарэктар ВітДС протаіерэй Канстанцін Ізафатаў.
Тых, хто сабраўся, віталі таксама першы прарэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі» Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі і першы прарэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» протаіерэй Алег Голубеў.
Актавую прамову на тэму «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у 1917 годзе» сказаў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі Аляксандр Валер'евіч Слесараў.
Затым было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскай духоўнай акадэміяй і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Узаемадзеянне акадэміі і інстытута наладжана ўжо даўно. Так, па рэкамендацыі кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін МінДА восенню гэтага года была выдадзена манаграфія першага прарэктара МГІРА Сяргея Стрэнкоўскага «Пад амафорам свяціцеля Мікалая Цудатворца: гісторыя праваслаўнага прыхода ў мястэчку Юрацішкі».
Выкладчыкам, студэнтам і супрацоўнікам Мінскай духоўнай акадэміі, якія актыўна папрацавалі ў гэтым годзе, былі ўручаны граматы і падзякі.
З архіпастырскім словам да прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел. Уладыка Экзарх нагадаў усім словы прападобнага Серафіма Сароўскага: «Здабудзь дух мірны, і тысячы выратуюцца вакол цябе». На думку Патрыяршага Экзарха, такім павінен быць алгарытм паводзін кожнага праваслаўнага хрысціяніна. Мітрапаліт Павел заклікаў навучэнцаў Мінскай духоўнай акадэміі не толькі авалодваць багаслоўскімі ведамі, але таксама спасцігаць мудрасць праваслаўнай аскетыкі і вучыцца тварыць дабро бліжнім і дальнім.
Затым адбыўся канцэрт духоўных спеваў і народных песень. На акадэмічнай сцэне выступілі: дзіцяча-моладзевы хор «Ліра» (мастацкі кіраўнік — Алена Лацапнева), змешаны хор Мінскіх духоўных школ (рэгент — Наталля Мядзведзь) і мужчынскі хор Мінскай духоўнай акадэміі (рэгент — Канстанцін Карманаў).