Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстую цырымонію адкрыцця IX Беларускіх Калядных чытанняў
23 лістапада 202323 лістапада 2023 года ў атрыуме Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы ўзначаліў урачыстую цырымонію адкрыцця IX Беларускіх Калядных чытанняў «Праваслаўе і айчынная культура: страты і набыткі мінулага, вобраз будучыні».
У зале прысутнічалі архіерэі і святары, прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, дзеячы культуры, навукоўцы, кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі, выкладчыкі нядзельных школ, студэнты і іншыя і запрошаныя госці.
У выкананні дзіцяча-юнацкай капэлы «Адраджэнне» Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска прагучаў трапар беларускім святым.
Добрай традыцыяй Калядных чытанняў стала ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсаў. Узнагародамі былі адзначаны пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў «Кніга мне — кніга ўва мне», «Святло міласэрнасці», «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».
Далей адбылася прэзентацыя 12-томнай кніжнай калекцыі «Рускія пісьменнікі-класікі і Праваслаўе», выдадзеная Міжнародным фондам духоўнага адзінства народаў. Выданне прадставіў кіраўнік фонду, доктар філасофскіх навук Валерый Аляксееў.
У рамках чытанняў працавалі выставы кніг выдавецтва «Адукацыя i выхаванне» і выдавецтва Беларускага Экзархату, экспазіцыя «Сацыяльна-асветніцкая дзейнасць Цэнтра падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы» і дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».
Пленарнае пасяджэнне Калядных чытанняў пачалося з малітвы «Цару Нябесны», якая прагучала ў выкананні дзіцяча-юнацкай капэлы «Адраджэнне» Усіхсвяцкай парафіі Мінска.
Пасля агульнай малітвы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін выступіў з прывітальным словам, у якім звярнуў увагу на тое, што сёлета Калядныя чытанні прысвечаны асэнсаванню шматвяковага шляху Праваслаўя і культуры на Беларускіх землях: іх узаемасувязі, аналізу здабыткаў і страт. У сучасным супярэчлівым свеце без гэтага немагчыма разгледзець вобраз будучыні, намеціць перспектывы ўзаемадзеяння Праваслаўя і культуры.
«Падобна таму, як наш народ духоўна нарадзіўся ў купелі Хрышчэння, яго больш чым тысячагадовая культура сфарміравалася з хрысціянскага погляду на свет і першапачаткова імкнулася адлюстраваць прыгажосць быцця, створанага Богам. У сваіх жа вышэйшых праявах яна паказвала шлях да выратавання душы. Богаслужэнне, іканапіс, царкоўная архітэктура, харавы спеў пранізвалі ўсе сферы жыцця веруючага чалавека. І гэтая чысціня, першапачатковая непашкоджанасць выявіліся ў стварэнні непераўзыдзеных шэдэўраў, якія выпраменьваюць святло, радасць, любоў, што і абумовіла ўнікальнасць нашай культуры», — адзначыў Патрыяршы Экзарх.
«Прыняцце хрысціянства вызначыла магістральны шлях развіцця культуры нашага народа, з якога ён не збочыў, нягледзячы на ўсе нягоды і выпрабаванні, якія выпалі на яго долю, — падкрэсліў архіпастыр. — Царква стала цэнтрам грамадскага жыцця, месцам яднання людзей, крыніцай натхнення для мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў і кампазітараў. Праваслаўныя храмы ўпрыгожвалі гарады і весі. І сёння па ўсёй беларускай зямлі гучаць званы, нагадваючы нам пра будучыя святы, заклікаючы да малітвы за «мір усяго свету, Богам сцеражоную краіну нашу і народ».
Мітрапаліт Веніямін канстатаваў, што, на жаль, у свеце, асабліва заходнім, культура становіцца ўсё больш супярэчлівай. Яна адводзіць чалавека ад нармальнага жыцця, адступае ад свайго высокага прызначэння ўзвышаць чалавечую душу, абуджаць у ёй імкненне рабіць дабро, тварыць, дарыць людзям светлую радасць. Прычына дадзеных працэсаў бачыцца ў адступленні ад духоўна-маральных прынцыпаў, адыходжанні ад духу хрысціянскага ў сферы культуры, мастацтва. Ідзе адкрытая барацьба з усім хрысціянскім, што стагоддзямі благагавейна гадавалася святымі, беражліва захоўвалася многімі народамі і знаходзіла адлюстраванне ў вялікіх мастацкіх творах.
Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначыў, што культура, як і дух чалавечы патрабуюць пастаяннай увагі да сябе і прывёў словы Свяцейшага Патрыярха Кірыла: «Культура любога народа — гэта жывы арганізм са сваімі радавымі асаблівасцямі, арганізм, які захоўвае памяць і традыцыі продкаў. Культура працягвае жыць незалежна ад таго, клапоцяцца пра яе ці грэбуюць ёй. У яе самастойнае жыццё. Толькі ў адным выпадку, калі пра яе клапоцяцца, яна расквітае і прыносіць добры плён, у іншым — загнівае, спараджае уродства, прыводзіць да маральнага крызісу грамадства, падмяняецца антыкультурай, перараджаецца, як здаровая тканіна арганізма перараджаецца ў нежыццяздольную ракавую пухліну».
У завяршэнне выступлення Патрыяршы Экзарх канстатаваў, што прызнаючы значнасць культуры, Царква ўжывае ўсе намаганні, каб садзейнічаць яе развіццю, узвышаць. Бо такая культура ў сваіх найвышэйшых праявах здольная падвесці чалавека да патрэбы ў духоўным жыцці і, тым самым, — да выратавання яго душы.
Далей выступіў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак:
«Мы з вамі жывем у перыяд глабалізацыі, якая ў тым ліку ўносіць змены ў духоўнае і культурнае жыццё сусветнай супольнасці, значным чынам змяняючы абрысы звыклага нам свету. І не заўсёды ў лепшы бок.
Пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій змяняецца структура самога грамадства — размываюцца нацыянальныя межы,
і дзякуючы Інтэрнэту ствараецца новая віртуальная рэальнасць, са сваімі правіламі і нормамі паводзін, дзе адбываецца ювелірная падмена духоўных і культурных каштоўнасцяў народаў.
Раней, каб новыя веды абляцелі ўвесь свет, патрабаваліся месяцы, а то і гады. Сёння, у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, дастаткова аднаго «кліку» і некалькіх секунд, каб інфармацыя, добра, калі не фэйкавая, стала даступнай многім. А бо часам хапае аднаго слова, каб змяніць ход гісторыі і лёсы народаў.
Сёння, каб супрацьстаяць выкліку часу мы, дзяржава і царква, павінны аб'яднаць свае намаганні для таго, каб у нашым грамадстве каштоўнасці беларускага народа ніхто не змог змяніць і замяніць іх на чужую нам прапаганду ўсёдазволенасці.
Толькі ў скаардынаваных намаганнях дзяржаўнай улады, грамадства, рэлігійных арганізацый, магчыма забяспечыць захаванне міру і памнажэнне лепшых духоўных традыцый беларускага народа ў сучасным грамадстве, духоўнага росту для кожнага чалавека паасобку».
Прывітанне ўдзельнікам чытанняў ад Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава абвясціла кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў горадзе Мінску Мар'яна Шчоткіна. Прывітанне міністра адукацыі Андрэя Іванца зачытаў намеснік міністра Аляксандр Кадлубай, прывітанне міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пярцова — намеснік міністра Ігар Бузоўскі. Далей прысутных у зале павітаў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прывітальнае слова ад Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыса Грызлова абвясціў саветнік-пасланнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Ваньке. Прывітанне Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова агучыў вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Гурскі. Таксама ў адрас удзельнікаў чытанняў паступіў прывітальны адрас ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча.
Затым прагучалі даклады:
- архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя «Праваслаўе і беларуская культура: страты і набыткі мінулага, вобраз будучыні»;
- Гігіна Вадзіма Францавіча, генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Дзяржава і Царква ў беларускай палітычнай традыцыі»;
- Баразны Міхаіла Рыгоравіча, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Духоўнае вымярэнне прасторы беларускага мастацтва і культуры»;
- протаіерэя Фёдара Поўнага, старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі «Роля культуры і адукацыі ў сцэнарыі будучыні Беларусі: прыярытэты, каштоўнасці, гарантыі».
У дні работы IX Беларускіх Калядных чытанняў, якія працягнуцца да 21 снежня, будуць праходзіць секцыйныя пасяджэнні, канферэнцыі, круглыя сталы і іншыя мерапрыемствы.
З падрабязнай праграмай IX Беларускіх Калядных чытанняў можна азнаёміцца па спасылцы для спампоўкі.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,