Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў ўрачыстасці, прысвечаныя 30-годдзю адраджэння Гродзенскага жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы[+ВІДЭА]

21 верасня 2022

top.jpg

21 верасня 2022 года, у свята Нараджэння Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў прастольную ўрачыстасць у Гродзенскім мітрапалічым жаночым манастыры Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, прымеркаваную да 180-годдзя з моманту заснавання і 30-годдзя адраджэння абіцелі.

Цэнтральнай падзеяй стала Бажэственная літургія ў саборы манастыра. Патрыяршаму Экзарху саслужылі мітрапаліт Валгаградскі і Камышынскі Фёдар, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, епіскап Слуцкі і Салігорскі Яўсевій.

Архіпастырам саслужылі старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Фёдар Поўны, благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель Аляксандра-Неўскага храма протаіерэй Мікалай Коржыч, адказны сакратар упраўлення спраў Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Гродзенскай епархіі протаіерэй Мікалай Лабынько, сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Дзмітрый Сёмуха, запрошанае духавенства і клірыкі манастыра.

Трансляцыя богаслужэння вялася на афіцыйным YouTube-канале Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў Архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага і хор манастыра пад кіраваннем Наталлі Андрушкевіч.

За набажэнствам прысутнічалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч Каранік, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Хаджымуратавіч Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Васільеўна Пасюта і іншыя высокія госці.

Пасля патроенай екценні мітрапаліт Веніямін узнёс малітву аб аднаўленні міру.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі было здзейснена слаўленне свята Нараджэння Найсвяцейшай Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі.

Затым Патрыяршы Экзарх звярнуўся да прысутных са словам настаўлення і агучыў прывітальны адрас Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з нагоды 30-годдзя адраджэння манаскага жыцця ў святой абіцелі. Таксама настаяцелька манастыра ігумення Гаўрыіла (Глухава) была ўдастоена Патрыяршай узнагароды - ордэна святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі.

У сувязі з юбілейнай датай мітрапаліт Веніямін паднёс у дар манастыру абраз Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць».

Далей з прывітальным словам да прысутных звярнуліся старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч Каранік.

Затым Прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы павіталі настаяцелька манастыра ігумення Гаўрыіла (Глухава) і выхаванцы манастырскай нядзельнай школы.

У сваю чаргу Патрыяршы Экзарх павіншаваў усіх з юбілейнай датай святой абіцелі, падзякаваў за сумесную малітву і падаў архіпастырскае благаславенне.

Пасля заканчэння богаслужэння адбылася цырымонія адкрыцця бюста мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Затым быў адкрыты мемарыяльны пакой, прысвечаны незабыўнаму архіпастыру.

***

Манастыр Нараджэння Багародзіцы размешчаны на тэрыторыі, дзе ў сярэднія вякі стаяў Прачысценскі храм — «аднагодак» знакамітай Каложскай царквы. Жаночая абіцель тут дзейнічала з 1633 года.

У 1960 годзе ўлады выселілі манахінь у Жыровічы. Траціну стагоддзя абіцель пуставала, у яе памяшканнях быў уладкаваны музей атэізму і гісторыі рэлігіі.

10 мая 1992 года на пасяджэнні Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб адраджэнні Гродзенскага жаночага манастыра Нараджэння Багародзіцы і аб прызначэнні настаяцелькі.

1 ліпеня таго ж года, у свята Багалюбскай іконы Божай Маці, адбылося першае набажэнства, якое ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (Вахрамееў), Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

14 студзеня 1993 года быў асвячаны адноўлены храм у імя прападобнага Сергія Раданежскага, прычым багамольцы ў гэты дзень ўдастоіліся незвычайнага для зімовага часу нябеснага знаку – падчас асвячэння храма над манастыром з'явілася вясёлка. Праз год пасля адкрыцця манастыра, 1 ліпеня 1993 года, манастыру быў вернуты і галоўны сабор у гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. У наступныя гады абіцелі былі вернуты ўсе манастырскія будынкі, распісаны сабор Нараджэння Багародзіцы.

Пры манастыры дзейнічаюць сястрыцтва, моладзевая група, працуе дзіцячая нядзельная школа.

Комплекс манастыра ўяўляе сабой ўзор позняга барока і ўключае царкву Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, царкву ў імя прападобнага Сергія Раданежскага, жылы і гаспадарчы карпусы, капліцу. У галоўным саборы манастыра знаходзіцца цудатворны абраз Божай Маці «Уладзімірскі», шануемая міратачывая ікона прападобнага Сергія Раданежскага.

Church.by

Фотарэпартаж