Падпісана праграма супрацоўніцтва ГрДУ і Гродзенскай епархіі на 2019 год

13 лютага 2019

top.jpg

7 лютага 2019 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылося падпісанне праграмы супрацоўніцтва на 2019 год з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы. Свае подпісы пад дакументам паставілі архіепіскап Гродзенскі Арцемій і першы прарэктар універсітэта Алег Аляксандравіч Раманаў.

У сустрэчы таксама прымалі ўдзел выкладчыкі вядучай ВНУ Гродзеншчыны і клірыкі епархіі, якія курыруюць працу з універсітэтам на розных факультэтах.

Звярнуўшыся перад падпісаннем праграмы да прысутных, Алег Раманаў падкрэсліў, што асаблівасцю сучаснай культуры з'яўляецца невуцтва ў пытаннях рэлігіі, для пераадолення якога неабходна глыбокае, навуковае даследаванне жыцця Царквы. Паводле яго слоў, сумесная навукова-даследчая праца з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва Царквы і ўніверсітэта. Таксама Алег Аляксандравіч адзначыў, што на сённяшні дзень гэтая сумесная праца набыла сістэмны характар, чаму спрыялі падпісанне ў 2015 годзе дамовы, а годам пасля — першай праграмы.

У сваю чаргу, архіепіскап Арцемій падзякаваў рэктарату ўніверсітэта за магчымасць такога супрацоўніцтва, адзначыўшы, што гэта карысна як ўніверсітэту, так і Царкве.

— Пасля дзесяцігоддзяў атэізму і рэлігійных забарон Царква толькі вучыцца хадзіць. Не заўсёды без памылак. Каб мець правільны лад дзеянняў, трэба не толькі асэнсоўваць сённяшнюю сітуацыю, але, перш за ўсё, падвергнуць глыбокаму і бесстаронняму аналізу наша гістарычнае мінулае, — адзначыў уладыка.

Усе прысутныя падзяліліся сваім поглядам на сённяшні стан адносін паміж епархіяй і ўніверсітэтам, а таксама перспектыву іх развіцця. Сярод найбольш яркіх сумесных праектаў былі названы навукова-адукацыйныя «Каложскія чытанні», курсы і спецкурсы па гісторыі Царквы для студэнтаў, лекцыі педагогаў ГрДУ ў розных царкоўных установах, валанцёрскі рух. У той жа час былі выказаны пажаданні аб арганізацыі часткі практыкі для студэнтаў некаторых факультэтаў на тэрыторыі Гродзенскай епархіі.

Напрыканцы сустрэчы адбылося ўрачыстае падпісанне праграмы — новай дарожнай карты супрацоўніцтва Гродзенскай епархіі і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Гродзенская епархія / Church.by