Пасля двухгадовага аб'езду гарадоў Беларусі і Расіі ў Магілёў вярнулася выстава «Венцаносная сям'я. Шлях любві»

23 мая 2017

top.jpg

19 мая 2017 года ў Магілёве ў рамках ушанавання 100-годдзя подзвігу навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны страстацерпцу імператару Мікалаю II і яго сям'і.

Галоўнай падзеяй вечара стала адкрыццё выставы Магілёўскай епархіі «Венцаносная сям'я. Шлях любві», якая вярнулася ў родны горад пасля 2-гадовага перыяду асветніцкай працы ў гарадах Расіі і Беларусі. За гэты час яе наведала каля 100 тысяч чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі Кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы, вядомыя гісторыкі, культурныя і грамадскія дзеячы. Але асноўнымі наведвальнікамі выставы былі студэнты і старшакласнікі, з якімі вялася экскурсійна-лекцыйна работа на тэму: «Царская сям'я — прыклад хрысціянскай набожнасці».

На выставе прадстаўлены матэрыялы са збораў музеяў і прыватных калекцый, якія знаходзяцца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Царскім Сяле, Лівадыі, Залатавусце, Магілёве, Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, фондзе мастака Паўла Рыжэнка. Гэта падборка ўзбуйненых фатаграфій і рэпрадукцый карцін з паралельным жыццяпісам святой сям'і ў суправаджэнні дзённікавых запісаў, дакументаў, сведчанняў відавочцаў.

Экспазіцыя пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі — у асноўным з Дзяржаўнага архіва РФ, з якім наладзілася цеснае супрацоўніцтва пасля наведвання магілёўскай выставы навуковым кіраўніком ГАРФ (Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі) Сяргеем Міраненка.

Як падарунак магілёўцам у 750-гадовы юбілей горада выстава «Венцаносная сям'я. Шлях любові» пачала працаваць у пашыраным варыянце, вялікі блок якога прысвечаны знаходжанню імператарскага сямейства ў Магілёве.

Ва ўрачыстым вечары і адкрыцці выставы прымалі ўдзел настаяцель храма Царскіх мучанікаў і ўсіх навамучанікаў Царквы Рускай протаіерэй Сергій Белавус, кіраўнік духоўна-асветніцкага цэнтра ў гонар свяціцеля Георгія Каніскага Сяргей Сомаў, Магілёўская гарадская капэла пад кіраўніцтвам Сяргея Лішчэнкі, хор навучэнцаў нядзельнай школы храма ў гонар новамучанікаў і прадстаўнікі клуба праваслаўнай песні і паэзіі «Адраджэнне».

Выстава «Венцаносная сям'я. Шлях любві» будзе працаваць да канца чэрвеня 2017 года па адрасе: г. Магілёў, вул. Ленінская, 9Б (Нагорны пасад, былы магазін «Нёман»).

Уваход вольны.

Для арганізаваных груп моладзі (магчыма, для ўсіх груп наведвальнікаў) будуць праводзіцца экскурсіі.

Магілёўская епархія / Church.by