Прадстаўнікі ААН наведалі Юравіцкі манастыр

27 чэрвеня 2019

top.jpg

25 чэрвеня 2019 года прадстаўнікі праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі з афіцыйным візітам наведалі Юравіцкі мужчынскі манастыр Нараджэння Багародзіцы Тураўскай епархіі і аказалі дабрачынную дапамогу на развіццё матэрыяльнай базы манастыра для ажыццяўлення асветніцкай дзейнасці.

На сустрэчы прысутнічалі: пастаянны прадстаўнік праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі Аляксандра Салаўёва, намеснік пастаяннага прадстаўніка Зак Тэйлар, супрацоўнік па камунікацыі і прасоўванню ПРААН Аляксей Чыстадарскі, рэгіянальны каардынатар праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» праграмы развіцця ААН (ПРААН) Жанна Шаставец, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Іванавіч Замосцік.

Ля брамы Юравіцкай абіцелі ганаровых гасцей сустрэў намеснік манастыра ігумен Аўксенцій (Абражэй). Пасля абмену прывітаннямі айцец намеснік правёў экскурсію, падчас якой распавёў пра шануемую святыню манастыра — абраз Божай Маці «Юравіцкі-Міласэрны», азнаёміў гасцей са станам абіцелі, якая з'яўляецца помнікам архітэктуры.

Затым у бібліятэцы манастыра адбылася гутарка, у ходзе якой бакі падкрэслілі важнасць захавання духоўнай і культурнай спадчыны на Палескай зямлі, а таксама вызначылі шляхі далейшага супрацоўніцтва.

У завяршэнне сустрэчы, якая праходзіла ў цёплай, сяброўскай атмасферы, Аляксандры Салаўёвай і Заку Тэйлару былі паднесены памятныя падарункі. За дапамогу ў адраджэнні Юравіцкай абіцелі і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ігумен Аўксенцій уручыў гасцям падзякі.

Юравічы.by / Church.by