Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы здзейсніў асвячэнне храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»

18 сакавіка 2023

top.jpg

18 сакавіка 2022 года, у суботу сядміцы 3-й Вялікага посту, дзень памінання памерлых, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў асвячэнне храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў мемарыяльным комплексе «Хатынь», а затым узначаліў у новаасвячоным храме першую Бажэственную літургію.

Перад пачаткам асвячэння Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы і старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын па традыцыі ўсклалі кветкі да помніка «Няскораны чалавек».

Падчас здзяйснення чыну асвячэння храма і Бажэственнай літургіі яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 2-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма святога дабравернага князя Дзімітрыя Данскога горада Барысава протаіерэй Сергій Башкіраў; благачынны 1-й Лагойскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Ражджаства Хрыстова аграгарадка Астрошыцы протаіерэй Аляксандр Зімніцкі; настаяцель храма святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра горада Барысава і храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» протаіерэй Павел Яцуковіч, кіраўнік аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Барысаўскай епархіі, настаяцель храма святога Архангела Міхаіла аграгарадка Зембін протаіерэй Андрэй Капульцэвіч.

Дыяканскі чын здзейсніў дыякан Уладзімір Букштуновіч.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор Князь-Уладзімірскага прыходу горада Барысава пад кіраваннем рэгента Таццяны Серафімовіч.

За набажэнствам былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб усіх бязвінна забітых у Айчыне нашай.

Пропаведзь пасля запрычаснага сціха прамовіў протаіерэй Аляксандр Зімніцкі.

На малым уваходзе Мітрапаліт Веніямін уганараваў протаіерэя Паўла Яцуковіча правам нашэння крыжа з упрыгожваннямі.

Пасля адпуста Літургіі яго Высокапраасвяшчэнства звярнуўся да вернікаў з архіпастырскім словам, пасля якога адзначыў граматамі Барысаўскай епархіі тых, хто асабліва папрацаваў у справе ўзвядзення і добраўпарадкавання храма.

У памяць аб праведзеным асвячэнні храма Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы паднёс у дар дырэктару мемарыяльнага комплексу Артуру Зельскаму запіс, зроблены яркім прапаведнікам ХХ стагоддзя, архіерэем Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Суражскім Антоніем (Блюмам), за гады служэння якога ў Вялікабрытаніі адзіны прыход, які аб'ядноўваў малалікую групу эмігрантаў з Расіі, ператварыўся ў вялікую шматнацыянальную епархію.

На Хатынскай зямлі Мітрапаліт Антоній пабываў 5 лютага 1983 года і па вяртанні дадому ў Лондан зрабіў запіс, які выказвае яго сапраўдную любоў да Айчыны і глыбокую веру ў Бога, Які ўваскрашае мёртвых:

«Учора наведаў Хатынь — душу ахоплівае жах: «Мала слоў — а гора рэчанька, гора — рэчанька бяздонная». Шматпакутная Зямля Руская! Наколькі трагічная твая гісторыя: Крыжовы шлях — але, веру, што ён вядзе да Светлага Уваскрасення. І гэтая перамога жыцця над смерцю з такой сілай адчуваецца ў абноўленых храмах, у галовах і тварах людзей, якія маліліся, у нязломнай сіле Веры і Надзеі, у пераўтваральнай сіле Любові».

На заканчэнне Мітрапаліт Веніямін павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Таін і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

У інтэрв'ю журналістам Яго Высокапраасвяшчэнства падкрэсліў, што неабходнасць будаўніцтва царквы ў мемарыяльным комплексе наспела даўно – гэта было патрэбна і жывым і спачылым.

«Галоўнае, каб збудаваная тут царква несла суцяшэнне і спадзяванне на Госпада і гэта журботнае месца асвячалася малітвай, — адзначыў Мітрапаліт Веніямін. — Хатынь з'яўляецца жывым сведчаннем подзвігу мужнасці беларускага народа. І мы, нашчадкі, умеем захоўваць удзячную памяць і будзем маліцца і рабіць усё неабходнае, каб мір знаходзіўся на нашай зямлі».

Значная падзея напярэдадні 80-годдзя з дня трагедыі адбылася дзякуючы Мінскаму абласному выканаўчаму камітэту і Барысаўскай епархіі.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын нагадаў, што храм быў пабудаваны ўсяго за год і выказаў упэўненасць, што з часам паток яго вернікаў з маленькага ручайка будзе ператварацца ў бурную раку. «Храм тут патрэбны. Ён будзе адным з сімвалаў Хатыні: каб кожны, хто сюды прыходзіць, мог памаліцца аб супакоі нашых людзей, бязвінна загінуўшых у гады вайны. Таксама царква будзе напамінам: такога больш дапускаць нельга», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі распавёў, што новы храм быў адноўлены па ўзоры раней існаваўшай тут царквы, асвячонай у 1794 годзе і знішчанай падчас Вялікай Айчыннай вайны ў жніўні 1943 года. Аблічча храма ўдалося аднавіць дзякуючы інвентарным апісанням, датаваным пачаткам XIX стагоддзя. Храм быў складзены з бруса і пакрыты гонтам. Царква мела адзін купал з жалезным крыжам і званіцу з трыма званамі, побач размяшчаліся старажытныя могілкі. У распрацоўцы праекта новага храма прымаў удзел настаяцель храма протаіерэй Андрэй Капульцэвіч, у якога вялікі вопыт рэканструкцыі цэркваў.

***

Да фатальнага 22 сакавіка 1943 года Хатынь была звычайнай мірнай беларускай вёскай, якая налічвала 26 двароў. Напярэдадні за 6 кіламетраў ад яе партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону. У перастрэлцы загінуў нямецкі афіцэр. Неўзабаве пасля гэтага Хатынь акружылі карнікі. Яны сагналі ў свіран старых, жанчын, дзяцей, замкнулі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.

Гісторыя Хатыні не ўнікальная. Падчас Вялікай Айчыннай вайны былі спалены жыўцом жыхары 628 беларускіх вёсак. 186 з іх так і не былі адноўлены. У памяць аб усіх бязвінна забітых і як трагічны напамін пра жахі вайны ў 1969 годзе на месцы, дзе знаходзілася вёска Хатынь, быў адкрыты мемарыяльны комплекс.

mlyn.by/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники

Фотарэпартаж