Пры падтрымцы Жыровіцкага манастыра прайшоў 20-ы семінар «Анастасіс»
15 жніўня 20183-5 жніўня 2018 года ў аграгарадку Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці адбыўся 20-ы семінар «Анастасіс», арганізаваны цэнтрам рэабілітацыі для нарказалежных «Анастасіс» і Жыровіцкім Успенскім мужчынскім манастыром.
У мерапрыемстве, якое прайшло ў атмасферы даверу пры захаванні ананімнасці, прынялі ўдзел залежныя з вопытам выздараўлення па дванаццацікрокавай праграме і іншых методыках, сем'і залежных асоб, святары, псіхолагі, урачы, псіхатэрапеўты, сацыяльныя работнікі, а таксама прадстаўнікі ведамстваў, якія сутыкаюцца з праблемай залежнасці. У ходзе сустрэчы ўдзельнікі абменьваліся ўласным вопытам пераадолення залежнасцяў; медыцынскія работнікі і прадстаўнікі Царквы атрымалі магчымасць даведацца больш аб розных сферах залежнасці, наладзіць супрацоўніцтва і выпрацаваць уласныя методыкі.
Акрамя пытанняў, звязаных з залежнасцю, на семінары абмеркавалі вопыт таварыства Дарослых дзяцей дысфункціянальных сем'яў (ДДДС). Многія вырастаюць у сем'ях, дзе алкагалізму або наркаманіі няма, аднак маецца балючы вопыт перажывання бацькоўскіх разводаў, здрад, скандалаў, гвалту або эмацыянальнай халоднасці да дзяцей. Падобныя перажыванні ў дзіцячым і падлеткавым перыядзе пасля адбіваюцца на дарослым жыцці. У таварыстве ДДДС дзеляцца вопытам, як перарасці дзіцячыя псіхатраўмы і стаць паўнавартаснай сталай асобай.
Першая сустрэча «Анастасіс» прайшла ў 2009 годзе, з тых часоў сустрэчы арганізоўваюцца два разы на год — перад Вялікім постам і ў пачатку жніўня.
У 20-м семінары, прысвечаным тэме «Вера і жыццё», прынялі ўдзел каля 160 чалавек.
У рамках семінара ўвечары 3 жніўня недалёка ад Жыровіцкай крыніцы для дзяцей і падлеткаў з няшчасных сем'яў была праведзена сустрэча ля вогнішча «Усе мы родам з дзяцінства». Групу па адпрацоўцы псіхатраўм псіхолагі правялі з цэнтрам падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» пры храме свяціцеля Мікалая Японскага горада Мінска пры ўдзеле клірыка Жыровіцкага Успенскага манастыра і члена таварыства ананімных алкаголікаў. У той жа час праводзіўся занятак з бацькамі гэтых дзяцей і дарослымі, які пажадалі прыняць удзел у мерапрыемстве.
4 жніўня ў актавай зале моладзевага цэнтра мясцовага агракаледжа з удзельнікамі семінара правялі гутарку выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі іераманах Яўстафій (Халіманкоў) і псіхатэрапеўт, урач вышэйшай катэгорыі А. М. Фінскі (горад Ліда). У той жа дзень усе слухачы мелі магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю ў спецыялістаў і прыняць удзел у прыватнай або групавой пастырскай гутарцы, зацікаўленыя маглі прымаць удзел у адкрытых сходах груп ананімных супольнасцяў, якія выкарыстоўваюць праграму дванаццаці крокаў для акрыяння ад залежнасцяў і асобаснага развіцця: супольнасці ананімных алкаголікаў, Ал-анон (сваякоў і сяброў алкаголікаў), Алацін (для дзяцей з сем'яў бацькоў-алкаголікаў) і Дарослых, і дзяцей з дысфункцыянальных сем'яў.
Увечары таго ж дня большасць удзельнікаў сустрэчы спавядаліся ў Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра.
Раніцай 5 жніўня была здзейсненая Бажэственная літургія місіянерскім чынам (г. зн. Літургія з каментарыямі), за якой удзельнікі семінара прычасціліся Святых Хрыстовых Тайн. Некаторыя з іх упершыню ў жыцці або за шмат гадоў паспавядаліся і прычасціліся.
У той жа дзень у актавай зале моладзевага цэнтра айцец Яўстафій і А. М. Фінскі абмеркавалі ўрывак з Евангелля, які чытаўся за Літургіяй, — аб вылячэнні хлопчыка, апанаванага дэманам. Затым адбыліся выступленні ўдзельнікаў семінара, пасля чаго была абрана тэма для наступнай сустрэчы — «Гвалт у сям'і і соцыуме: выяўленне і дапамога».
* * *
Інфармацыя аб праграме семінара і тэрмінах яго правядзення будзе размешчана ў студзені 2019 года на сайце рэабілітацыйнага цэнтра «Анастасіс» і ў іншых сродках масавай інфармацыі.
Пытанні, звязаныя з семінарам «Анастасіс», а таксама водгукі і пажаданні можна пакідаць у суполцы ў «Фэйсбуку» Семінар Анастасіс ці адпраўляць на сайт рэабілітацыйнага цэнтра.
Больш падрабязна тэма залежнасці і сазалежных адносін раскрыта ў фільме «Жыццё і смерць», у якім таксама расказваецца аб семінары «Анастасіс» і цэнтры рэабілітацыі «Анастасіс».
Аргкамітэт семінара «Анастасіс» / Church.by