Збор музея Мінскай духоўнай семінарыі папоўнілася ўнікальным экспанатам

14 красавіка 2018

top.jpg

Калекцыя экспанатаў царкоўна-археалагічнага музея Мінскай духоўнай семінарыі ўзбагацілася рукапісам верша «Новы Іуда», які адносіцца да пачатку перыяду «хрушчоўскай» антырэлігійнай кампаніі і датаваны 1958 годам.

У 1952 годзе выкладчык Саратаўскай духоўнай семінарыі Яўграф Дулуман абвясціў аб разрыве з рэлігіяй, а праз некалькі гадоў апублікаваў артыкул «Як я стаў атэістам». Рэакцыяй на яго публічнае адрачэнне стала распаўсюджванне ў праваслаўным асяроддзі ананімнага верша «Новы Іуда», напісанне якога адносіцца да 1958 года. Шырокае хаджэнне яно атрымала сярод навучэнцаў духоўных навучальных устаноў.

Пачынаецца верш наступнымі словамі:

Верьте, не верьте, а сделалось чудо:
Снова в наш мир возвратился Иуда!
Только уже не за тридцать монет
Бога — Христа продает он, о нет!

Глупыми баснями ловко торгуя,
В этом наживу немалую чуя,
Сеет безбожье, безверье, туман
Новый Иуда — Евграф Дулуман.

На пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў 30 снежня 1959 года пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія I, была прынята наступная пастанова: «Святароў, публічна паганьбаваўшых імя Божае, лічыць вывергнутымі са свяшчэннага сану і пазбаўленымі ўсякіх царкоўных зносін. Яны выйшлі ад нас, але не былі нашы (Ін. 2:19). Яўграфа Дулумана і іншых былых праваслаўных міран, публічна паганьбаваўшых імя Божае, адлучыць ад Царквы».

Шырока вядомая даследчыкам найноўшага перыяду царкоўнай гісторыі копія верша «Новы Іуда» знаходзіцца на захоўванні ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі (Масква, ГАРФ. Фонд 6991, Вопіс 2, Справа 228). Адна з першых публікацый тэксту верша была прадстаўлена ў кнізе «Гісторыя Рускай Праваслаўнай Царквы. Новы Патрыяршы перыяд. Т. 1. 1917-1970», якая выйшла пад рэдакцыяй М. Б. Данілушкіна ў 1997 годзе.

Арыгінальны рукапіс верша «Новы Іуда» перадаў у дар музею Мінскай духоўнай семінарыі іерэй Расціслаў Бандарэнка, клірык Тураўскай епархіі. Адміністрацыя Мінскай духоўнай семінарыі і кіраўніцтва царкоўна-археалагічнага музея выказваюць айцу Расціславу шчырую падзяку за такі каштоўны дар, экспанаванне якога дазволіць адлюстраваць адзін з самых складаных перыядаў гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы.

Новы экспанат будзе прадстаўлены ў пятай зале царкоўна-археалагічнага музея, якая рыхтуецца да адкрыцця і будзе прысвечана гісторыі духоўнай адукацыі на беларускіх землях.

Царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі створаны ў 2014 годзе па ініцыятыве рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. У цяперашні час музей уключае чатыры залы, прысвечаныя гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, гісторыі Жыровіцкага манастыра, царкоўнаму мастацтву XII-XX стагоддзяў, рукапісным і старадрукаваным кнігам XVI-XVIII стагоддзяў. Загадчык музея — прарэктар па навуковай рабоце дацэнт А. В. Слесараў.

МінДС / Church.by