Адбылася манаская секцыя Беларускіх Калядных чытанняў
23 снежня 2018У Лізавецінскім жаночым манастыры горада Мінска 21 снежня прайшла манаская секцыя IV Беларускіх Калядных чытанняў на тэму «Сапраўдная свабода і адказнасць». Правядзенне форуму ўзначаліў старшыня Сінадальнага аддзела па справах манастыроў і манаства Беларускага Экзархату епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
У састаў Прэзідыума ўвайшлі: епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім; ігумен Аўксенцій (Абражэй), намеснік Юравіцкага мужчынскага манастыра Тураўскай епархіі; ігумення Еўфрасіння (Лапцік), ігумення Лізавецінскага жаночага манастыра ў горадзе Мінску.
У канферэнцыі прынялі ўдзел ігумены і ігуменні манастыроў Беларускага Экзархату. Мерапрыемства пачалося з Бажэственнай літургіі.
У якасці арганізатара канферэнцыі выступіў Сінадальны аддзел па справах манастыроў і манаства Беларускага Экзархату сумесна з Лізавецінскім жаночым манастыром горада Мінска.
Перад пачаткам працы сходу з уступным словам да ўдзельнікаў звярнуўся епіскап Парфірый. У сваім выступленні Яго Праасвяшчэнства нагадаў ігуменам і ігуменням, што падобныя сустрэчы праводзяцца для таго, каб кіраўнікі беларускіх манастыроў мелі магчымасць падзяліцца вопытам адзін з адным, падзяліць радасць зносін, агучыць цікавыя і важныя думкі, адчуць адзінства ў Хрысце.
Удзельнікі манаскай секцыі выступілі з дакладамі:
- епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім: «Свабода і адказнасць у Пасланні святога Апостала Паўла да Галатаў»;
- іераманах Ніл (Падабед), благачынны манастыроў Віцебскай епархіі: «Мне свет укрыжаваўся, і я свету»: ад чаго адракаецца сучасны малады паслушнік і што набывае»;
- ігумен Аўксенцій (Абражэй), намеснік Юравіцкага мужчынскага манастыра: «Сучасныя тэхналогіі для маладых паслушнікаў: новая рэальнасць або пастка?»;
- ігумення Еўфрасіння (Лапцік), ігумення Лізавецінскага жаночага манастыра ў горадзе Мінску: «Унутраныя і знешнія цяжкасці, з якімі сустракаецца пачатковая паслушніца ў манастыры»;
- іераманах Герасім (Чарапко), благачынны Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра: «Прыём у манастыр: практыка Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра».
Па выніках выступленняў былі зроблены наступныя вывады:
- У сучасным грамадстве «быць свабодным» часцей за ўсё азначае мець магчымасць бязмерна і бязмежна задавальняць усе свае жаданні. Сёння не існуе перашкод, якія маглі б засцерагчы душу чалавека ад уплыву самых розных згубных захапленняў і ўплываў, калі ў чалавека няма правільных ўнутраных арыенціраў і установак. Падпарадкаванне ж жаданням сваёй грахоўнай прыроды — найгоршая форма рабства.
- Бог заклікае чалавека да адказных адносін да жыцця. Усё, што ажыццяўляецца чалавекам у галіне маральнага выбару, у сферы міжасобасных зносін, у свабоднай творчай дзейнасці, — усё гэта прадугледжвае яго маральную адказнасць.
- Паслушніку, які ўступіў у манастыр, ігумен павінен дапамагчы ўсвядоміць прычыны, якія заахвоцілі яго да гэтага, і падаць правільныя ўстаноўкі адносна яго далейшага духоўнага жыцця, дапамагчы здабыць выратавальны шлях ахвярнага служэння Госпаду і бліжняму, не забываючы пры гэтым, з якога складанага свету пайшоў ён у святую абіцель.
- Вера ў Бога як давер Богу, уцягненне самой нашай істоты, нашай волі і нашага розуму ў Божае адкравенне і падпарадкаванне іх Божаму слову — у чым і здабываецца сапраўдная свабода, — задача кожнага свядомага члена Царквы, задача кожнага з нас.
Удзельнікі канферэнцыі выказалі малітоўную радасць зносін адзін з адным падчас здзяйснення Бажэственнай літургіі і выказалі надзею на магчымасць падобных малітоўных і душакарыснах зносін у будучыні. Асаблівую падзяку Сінадальны аддзел па манастырах і ўсе прысутныя выказалі Лізавецінскаму манастыру ў асобе ігуменні Еўфрасінні. Ужо ў які раз з вялікай гасціннасцю манастыр святой прападобнамучаніцы Марыі Фёдараўны прымае ў сябе прадстаўнікоў беларускіх манастыроў для сумеснай малітвы і зносін.