Адбыўся сход духавенства Навагрудскай епархіі
05 ліпеня 20174 ліпеня ў Успенскім Жыровіцкім мужчынскім стаўрапагіяльным манастыры адбыўся сход духавенства Навагрудскай епархіі. Пачаўся сход з агульнай споведзі ў Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра. Афіцыйная частка епархіяльнага сходу прайшла ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі.
Адкрыў пасяджэнне архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый. Высокапраасвяшчэнны ўладыка ахарактарызаваў жыццё епархіі за апошнія тры месяцы, якія прайшлі з мінулага епархіяльнага сходу.
— У цэлым можна даць станоўчую ацэнку мерапрыемстваў, прысвечаных 700-годдзю ўтварэння Навагрудскай епархіі. Хачу адзначыць добрую працу ў сферы духоўна-маральнай асветы (асабліва Навагрудскага благачыння), арганізацыю святочных мерапрыемстваў, прысвечаных святу Светлага Хрыстовага Уваскрасення, — адзначыў архіпастыр.
Асабліва была адзначана правячым архіерэем праца сястрынства ў гонар апостала і евангеліста Іаана Багаслова (Навагрудак), станоўча ацэнена праца моладзевага і місіянерскага аддзелаў.
Сярод нестандартных мерапрыемстваў быў выдзелены хрэсны сплаў па рацэ Нёман.
Станоўча ацаніў архіепіскап удзел клірыкаў Навагрудскай епархіі ў памятных мерапрыемствах 9 мая, дабрачынныя акцыі ў Дзень абароны дзяцей (1 чэрвеня), наведванне выпускных школьных лінеек і працу з выпускнікамі, а таксама працу ў дзіцячых летніх лагерах.
Яго Высокапраасвяшчэнства заклікаў прысутных клірыкаў надаваць яшчэ больш увагі справам міласэрнасці, а таксама карэктна падаваць інфармацыю пра іх.
З маючых адбыцца ў бліжэйшы час мерапрыемстваў былі адзначаны свята ў гонар святых Пятра і Фяўронні (Дзень сям'і), а таксама правядзенне агульнаепархіяльнага хрэснага ходу ў Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр 10-12 жніўня.
Уладыка Гурый агучыў таксама фрагмент падзячнага ліста з Упраўлення спраў Маскоўскай Патрыярхіі, у якім Кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі мітрапаліт Варсанофій перадае падзяку Свяцейшага Патрыярха Кірыла за працы кіраўніку і святарам Навагрудскай епархіі.
З дакладам аб рашэннях Епархіяльнай рады ад 4 ліпеня бягучага года выступіў сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Анатоль Герасімук.
У сваім дакладзе айцец Анатоль асаблівую ўвагу надаў маючым адбыцца мерапрыемствам у гонар 700-годдзя ўтварэння Навагрудскай епархіі, 100-годдзя Памеснага Сабора 1917-18 гадоў, хрэсным хадам, велапрабегу, пажарнай бяспецы храмаў.
У завяршэнне сходу духавенства са словам настаўлення аб выкананні волі Божай да прысутных звярнуўся духаўнік Навагрудскай епархіі протаіерэй Уладзімір Гушча.