Адбыўся XII між'епархіяльны фестываль праваслаўных песнапенняў «Слава ў вышніх Богу»
11 лютага 201711 лютага 2017 года адбыўся фінальны гала-канцэрт XII між'епархіяльнага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Слава ў вышніх Богу».
Заснавальнікамі і арганізатарамі фестывалю выступілі Лідская і Навагрудская епархіі, Лідскі райвыканкам і Лідскае благачынне. У якасці гасцей у конкурсе прымалі ўдзел харавыя калектывы з Ганцавіч і Гродна.
На працягу некалькіх тыдняў у Лідскай і Навагрудскай епархіях праходзілі праслухоўванні хораў з дзевяці раёнаў Гродзенскай вобласці. Для ўдзелу ў фінале былі адабраны лепшыя калектывы. На сцэну вялікай залы лідскага Палаца культуры ў час гала-канцэрта выйшлі трыццаць шэсць вакальна-харавых калектываў: царкоўныя хоры і калектывы ўстаноў адукацыі, моладзевыя ансамблі, дуэты, трыо. У іх выкананні прагучалі не толькі царкоўныя спевы, але і творы духоўнай тэматыкі на беларускай мове, а таксама аўтарскія творы саміх канкурсантаў.
Упершыню ў фестывалі прыняў удзел ансамбль Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. На форум спеўнага мастацтва прыбылі вакальныя групы з Ашмян, Смаргоні (дзіцячы хор «Праменьчык» храма Праабражэння Гасподняга), Слоніма (хор кафедральнага Спаса-Праабражэнскага сабора), Навагрудка (ансамбль храма святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія), усе царкоўныя хоры Ліды.
Пасля завяршэння праграмы на сцэну былі запрошаны епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ірына Генадзьеўна Рабец і намеснік старшыні журы протаіерэй Генадзь Логін. Епіскап Парфірый звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам, уручыў пераможцам фестывалю дыпломы ў розных намінацыях і каштоўныя падарункі.