Стартаваў велапрабег па святых мясцінах Гомельшчыны
10 жніўня 20179 жніўня 2017 года стартаваў велапрабег, які стаў ужо традыцыйным, па святых мясцінах Гомельшчыны.
Мерапрыемства, арганізаванае дзякуючы супрацоўніцтву Гомельскай епархіі, аддзелу адукацыі, спорту і турызму Чыгуначнага раёна горада Гомеля і Гомельскага абласнога цэнтра краязнаўства і экскурсій, накіраванае на актыўны адпачынак, духоўна-маральнае развіццё асобы падлеткаў, а таксама на выхаванне лепшых рыс характару праз здабыццё духоўнага вопыту.
Па завяршэнні Літургіі ў Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы Гомеля епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан акрапіў святой вадой і благаславіў юных удзельнікаў велапрабегу.
Дэлегацыя з Італіі на чале з епікапам Локры і Джерачэ Франчэска Аліва, якая даставіла ў гэты дзень часціцу мошчаў святога велікамучаніка Панцеляімана ў гомельскі кафедральны сабор, пажадала рабятам Божай дапамогі ў шляху.
Дваццаці падлеткам трэба будзе пераадолець васьмідзенны маршрут па Гомельскаму, Веткаўскаму і Добрушскаму раёнах. Турыстычны лагер дазволіць дзецям не толькі актыўна правесці час, атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды роднага краю, але і наведаць храмы і музеі. Сярод пунктаў маршруту — храмы ў гарадскім пасёлку Карма, горадзе Ветка, вёсцы Свяцілавічы, горадзе Чачэрск, гарадскім пасёлку Доўск, горадзе Рагачоў, горадзе Жлобін, горадзе Светлагорск і горадзе Рэчыца. Насычаная праграма ўключае ў сябе гутаркі са святарамі ў нефармальнай абстаноўцы, спартыўныя і турыстычныя спаборніцтвы, квэст-гульні, а таксама экскурсіі па населеных пунктах.
У мінулым годзе актывісты за час шляху праехалі на роварах больш за 150 кіламетраў. Падчас цяперашняга велапрабегу рабяты не маюць намераў здаваць пазіцыі і паспрабуюць адолець як мінімум столькі ж.
Удзельнікі, з нецярпеннем і захапленнем чакалі адпраўлення, атрымаўшы благаславенне ад епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана, рушылі ў шлях.