У 31-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Мінску малітоўна памянулі ахвяр катастрофы

26 красавіка 2017

top.jpg

26 красавіка 2017 года, у дзень 31-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску протаіерэй Мікалай Коржыч узначаліў Бажэственную літургію ў сталічным храме іконы Божай Маці «Знойдзенне загінуўшых», а затым здзейсніў памінальную ліцію па загінуўшых ліквідатарах наступстваў аварыі і ўсіх памёршых пасля катастрофы.

Ліція была здзейсненая пад адкрытым небам, ля паклоннага крыжа блізу храма. На памінальным набажэнстве прысутнічалі ветэраны-ліквідатары, прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, клірыкі і прыхаджане храма іконы Божай Маці «Знойдзенне загінуўшых», узведзенага з мэтай ушанавання памяці ахвяр катастрофы на ЧАЭС.

Па завяршэнні набажэнства айцец Мікалай павітаў прысутных і перадаў удзельнікам журботна-памятнага мерапрыемства благаславенне Патрыяршага Экзарха.

Затым адбылася традыцыйная цырымонія ўскладання кветак да памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля» ў парку Дружбы народаў.

У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, духавенства 3-га Мінскага гарадскога благачыння, актывісты грамадскіх арганізацый, навучэнцкая моладзь.

Nevsky.by / Church.by