У Барысаўскай епархіі прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя заснавальніку горада Барысава полацкаму князю Барысу Усяславічу

16 мая 2021

 

top.jpg

15 мая 2021 года, у дзень перанясення мошчаў дабраверных князёў Барыса і Глеба, у святым хрышчэнні Рамана і Давіда, у кафедральным саборы Уваскрасення Хрыстовага горада Барысава адбыліся ўрачыстасці ў гонар памяці заснавальніка горада Барысава полацкага князя Барыса Усяславіча.

Богаслужэннем ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у саслужэнні епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація.

Архіпастырам саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 2-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма святога дабравернага князя Дзімітрыя Данскога протаіерэй Сергій Башкіраў; благачынныя царкоўных акруг Барысаўскай епархіі, клірыкі сабора і Беларускага Экзархату.

За богаслужэннем маліліся: ігумення полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ігумення Еўдакія (Ляўшук) з сёстрамі; настаяцельніца жаночага манастыра ў гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова ў вёсцы Дамашаны Смалявіцкага раёна ігумення Саломія (Аўчыннікава); выконваючая абавязкі ігуменні жаночага манастыра ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай манахіня Яўпраксія (Зубава) з сёстрамі абіцелі.

Богаслужэбныя спевы выканалі зводны хор барысаўскіх благачынняў пад кіраваннем рэгента Алы Кярко і дзіцячы хор кафедральнага сабора пад кіраваннем рэгента Ксеніі Качаноўскай.

Падчас богаслужэння былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай павевы.

Пропаведзь пасля запрычаснага сціха прамовіў іерэй Арцемій Пракоф'еў.

Па заканчэнні Літургіі мітрапаліт Веніямін звярнуўся са словам, у якім падкрэсліў важнасць шанавання заснавальніка горада Барысава князя Барыса Усяславіча і адраджэння яго гістарычнай значнасці.

Далей слова ўзяў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Яго Праасвчяшчэнства распавёў пра жыццё першага новамучаніка XX стагоддзя, кананізаванага ў Полацкай епархіі, свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, а затым паднёс у дар кафедральнаму сабору абраз свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага.

Пасля архіпастыры ўзначалілі хрэсны ход на плошчу 900-годдзя заснавання горада Барысава. Шматлікая калона багамольцаў і гараджан прайшла да помніка князю Барысу, дзе адбылася сустрэча Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Мітрапаліт Веніямін і епіскап Ігнацій, якім саслужыла духавенства, малітоўна ўшанавалі заснавальніка горада Барысава полацкага князя Барыса Усяславіча, пасля чаго Патрыяршы Экзарх, а затым Праасвяшчэнны Ігнацій звярнуліся да прысутных са словам павучання.

Ганаровыя госці ўрачыстага мерапрыемства ўсклалі да помніка кветкі. Услед за імі кветкі да помніка ўсклалі кіраўнікі барысаўскіх прадпрыемстваў і арганізацый, гараджане.

Далей у сабор пад звон хрэсным ходам быў прынесены для пакланення Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Барысаўская епархія/Church.by

Фотарэпартаж