У Брэсце адбыўся Афанасьеўскі інтэлектуальны турнір

07 лістапада 2017

top.jpg

4 лістапада па благаславенню архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана адбыўся Афанасьеўскі інтэлектуальны турнір навучэнцаў нядзельных школ Брэсцкай епархіі, прысвечаны 300-годдзю з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага.

Удзельнікі турніру змаглі прадэманстраваць свае веды ў галіне гісторыі Беларусі і, у прыватнасці, жыцця і дзейнасці свяціцеля Георгія (Каніскага) — выбітнага філосафа, грамадскага і царкоўнага дзеяча, паэта, дыпламата.

У верасні-кастрычніку гэтага года ва ўсіх благачыннях Брэсцкай епархіі адбыліся адборачныя туры, у якіх прынялі ўдзел выхаванцы ўсіх нядзельных школ благачынняў. У выніку былі сфарміраваны каманды ад кожнага благачыння, якія і сталі ўдзельнікамі Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру.

Асноўны турнір прайшоў у габеленавай зале УА «Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці».

У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел каманды: «Дабравест» (Брэсцкае гарадское благачынне), «Надзея» (Брэсцкае раённае благачынне), «Сафійцы» (Бярозаўскае благачынне), «Пакроў» (Жабінкаўскае благачынне), «Стрэчанне» (Драгічынскае благачынне), «Белая вежа» (Камянецкае благачынне), «Фенікс» (Кобрынскае благачынне), «Сонечны прамень» (Маларыцкае благачынне), «Сабаране» (Пружанскае благачынне).

Журы ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. У склад судзейскай калегіі ўвайшлі: загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А. С. Пушкіна, доктар гістарычных навук, прафесар А. М. Вабішчэвіч; благачынны Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка; старшыня камісіі па правядзенню Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру Брэсцкай епархіі свяшчэннік Андрэй Петрусевіч.

На турніры ў якасці назіральнікаў прысутнічалі ганаровыя госці: падпалкоўнік у адстаўцы, ветэран Узброеных сіл, старшыня камісіі па маральна-патрыятычнаму выхаванню Савета ветэранаў Маскоўскага раёна горада Брэста І. Н. Шульга; кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі развіцця, намеснік дэкана сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ Сінюк Д. Э.; прарэктар па выхаваўчай работы БРДТУ, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Н.П. Ялавая; начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БРДТУ В. С. Місіюк; кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Брэсцкай епархіі протаіерэй Яўген Ліхота; кіраўнік моладзевага аддзела Брэсцкай епархіі дыякан Павел Рамановіч.

Па правілах гульні ў першым туры «Штурм» прынялі ўдзел 9 каманд. Каманды павінны былі пісьмова адказаць на 20 пытанняў, кожны правільны адказ ацэньваўся ў адзін бал. У выніку 4 лепшыя каманды перайшлі на наступны этап.

У другім туры «Тэст-бліц» біліся 4 наймацнейшыя каманды — «Сафійцы», «Надзея», «Фенікс», «Пакроў». Камандам былі прапанаваны бланкі з 15 тэставымі заданнямі, якія неабходна выканаць на працягу 10 хвілін. Па выніках другога этапу ў фінальны этап прайшлі дзве каманды — «Пакроў» і «Сафійцы».

У фінале каманды па чарзе вусна адказвалі на 12 пытанняў. Спаборніцтва скончылася ўнічыю, і, каб вызначыць лідара, камандам былі зададзены дадатковыя пытанні. У выніку ў няпростым інтэлектуальным спаборніцтве перамогу атрымала каманда Жабінкаўскага благачыння — «Пакроў».

Старшыня журы архіепіскап Іаан звярнуўся да ўсіх прысутных з павучальным словам і адзначыў неабходнасць правядзення падобных адукацыйных мерапрыемстваў для духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення.

Усе ўдзельнікі гульні атрымалі з рук архіепіскапа дыпломы і памятныя падарункі, а пераможцам, акрамя гэтага, былі ўручаны кнігі «Праваслаўныя святыя беларускай зямлі». Каманды-фіналісты таксама былі ўзнагароджаны падарункамі ад партнёраў турніру — піцэрый «DA'CARPIZZA» і «Бруклін».

Брэсцкая епархія / Church.by