У дзень памяці свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў Бажэственную літургію ў Богаяўленскім кафедральным саборы горада Полацка

29 красавіка 2023

top.jpg

29 красавіка 2023 года, у 104-ю гадавіну з дня пакутніцкай смерці свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведаў Полацкую епархію.

Ля сцен Богаяўленскага кафедральнага сабора Мітрапаліта Веніяміна з хлебам-соллю, кветкамі і вершамі ў гонар свята сустракалі выхаванцы нядзельнай школы сабора і праваслаўная моладзь у гонар свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, прасвітара Шаркаўшчынскага. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іосіф Францавіч Грыбовіч вітаў з кветкамі Мітрапаліта Веніяміна ад імя Полацкага раённага выканаўчага камітэта.

У саслужэнні епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація Патрыяршы Экзарх узначаліў Бажэственную літургію ў Богаяўленскім кафедральным саборы горада Полацка. Архіпастырам саслужылі адказны сакратар упраўлення спраў БПЦ протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Полацкай епархіі протаіерэй Аляксандр Пятліцкі і клірыкі Полацкай епархіі.

Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.

Богаслужэбныя спевы выканаў Архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Таццяны Леановіч і праваслаўны дзіцячы хор пад кіраўніцтвам настаўніка музыкі сярэдняй школы №2 Наваполацка Жанны Бялун.

Пасля патроенай екценні была ўзнесена малітва аб аднаўленні міру.

Пропаведзь перад прычасцем прамовіў кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Полацкай епархіі іерэй Аляксандр Козел.

Пасля адпуста Бажэственнай літургіі адбыўся хрэсны ход і малебен свяшчэннамучаніку Канстанціну Жданаву, прасвітару Шаркаўшчынскаму.

Па заканчэнні набажэнства з прывітальным словам да Патрыяршага Экзарха звярнуўся Праасвяшчэнны епіскап Ігнацій і ў знак удзячнасці паднёс сувенірнае велікоднае яйка.

Затым Мітрапаліт Веніямін звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам і перадаў у дар Полацкай епархіі факсімільнае выданне Жыровіцкага Евангелля.

На заканчэнне Патрыяршы Экзарх даў усім архіпастырскае благаславенне.

Далей адбылося адкрыццё фотагалерэі «Першы новамучанік Беларускай зямлі», прэзентацыю якой правёў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.

***

Свяшчэннамучанік Канстанцін Дзмітрыевіч Жданаў нарадзіўся ў 1875 годзе ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобласці) у шматдзетнай сям'і святара. Пры іх доме быў невялікі прытулак для жабракоў. Бацька стаў ва ўсім прыкладам для Канстанціна, і сваё жыццё ён таксама звязаў са служэннем Богу і бліжнім.

У 17 гадоў Канстанцін паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні, але праз два гады, у сувязі са смерцю маці, пакінуў вучобу і ўладкаваўся працаваць на чыгунку, каб дапамагчы бацьку ўтрымліваць малодшых дзяцей.

У 1900 годзе Канстанцін ажаніўся і быў рукапаложаны ў дыякана, а праз некалькі месяцаў у свяшэнніка і ў сувязі са смерцю бацькі пераведзены настаяцелем Свята-Успенскага храма ў мястэчку Стара-Шаркаўшчына, каб клапаціцца пра сваіх яшчэ непаўналетніх братоў і сясцёр. Там ён праслужыў 19 гадоў.

У 1904 годзе айцец Канстанцін аўдавеў, застаўшыся з двухгадовым сынам на руках. Смутак ад страты маці ў юнацкім узросце і сіроцтва ўласнага сына не маглі пакінуць сэрца айца Канстанціна безуважным да дзіцячага гора. Ён стаў арганізоўваць прытулкі для дзяцей-сірот, таксама дапамагаў бяздольным і ўбогім.

У 1912 годзе ў мястэчку пад кіраўніцтвам айца Канстанціна была пабудавана новая Свята-Успенская царква, значную частку сродкаў на яе будаўніцтва ахвяравалі прыхаджане і дабрачынцы. У падзяку за вялікую працу прыхаджане падарылі айцу Канстанціну абраз роўнаапостальнага цара Канстанціна. Гэты абраз з дароўным надпісам захаваўся да цяперашняга часу.

У гады савецкай улады бацюшка заклікаў вернікаў да ўзмоцненай малітвы, узаемадапамогі, цярпенню ў смутках. Увесну 1919 года іерэя Канстанціна арыштавалі. Прыхаджане спрабавалі выратаваць яго: прасілі адпусціць, прапаноўвалі нават выкуп, сталі збіраць подпісы з просьбай вызваліць айца Канстанціна, але бальшавікі адправілі святара ў Дзісну, дзе ён разам з іншымі святарамі быў прысуджаны да смерці. Пасля здзекаў і катаванняў п'яныя канваіры прымусілі пакутнікаў выкапаць сабе магілу, потым аглушылі айца Канстанціна рыдлёўкай і жывым закідалі зямлёй. Праз некалькі дзён прыхаджане выкапалі цела забітага бацюшкі і пахавалі ў склепе пад алтаром Дзісенскай могілкавай Свята-Адзігітрыеўскай царквы.

У 2008 годзе пачэсныя астанкі свяшчэннамучаніка Канстанціна былі выняты з-пад спуду і змешчаны ў Васкрасенскім храме горада Дзісны.

Свяшчэннамучанік Канстанцін Жданаў прылічаны да ліку святых новамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай 11 сакавіка 2020 года рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

У цяперашні час мошчы свяшчэннамучаніка спачываюць у Васкрасенскай царкве з правага боку ад алтара ў спецыяльна вырабленай для іх разьбяной драўлянай рацы.

Полацкая епархія/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники

Фотарэпартаж