У дзень памяці свяціцеля Макарыя Маскоўскага мітрапаліт Павел узначаліў Літургію ў Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры горада Полацка

12 студзеня 2018

top.jpg

12 студзеня 2018 года, у дзень памяці свяціцеля Макарыя, мітрапаліта Маскоўскага, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій здзейснілі Бажэственную літургію ў Крыжаўздзвіжанскім саборы Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра горада Полацка.

Архіпастырам саслужылі клірыкі манастыра.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор сясцёр абіцелі пад кіраваннем манахіні Фяўронні (Бармічовай).

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў архімандрыт Нікадзім (Генералаў).

Па заамвоннай малітве архіпастыры і саслужачыя святары здзейснілі слаўленне Ражджаству Хрыстову.

Па адпусце Бажэственнай літургіі мітрапаліт Павел павіншаваў усіх прысутных са святам Ражджаства Хрыстовага, падзякаваў уладыку Феадосію за сумеснае служэнне і малітву і звярнуўся да духавенства і прыхаджан абіцелі са словам павучання.

Уладыка Павел абвясціў указ Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла — у азнаменаванне 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве ігумення Еўдакія (Ляўшук), настаяцельніца Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў горадзе Полацку, была ўдастоена Юбілейнага медаля Рускай Праваслаўнай Царквы «У памяць 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве».

Патрыяршы Экзарх павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і даў багамольцам архіпастырскае благаславенне.

Па заканчэнні богаслужэння мітрапаліт Павел і ігумення Еўдакія наведалі і павіншавалі з Ражджаством Хрыстовым усіх нядужых і ляжачых сясцёр Спаса-Еўфрасіннеўскай жаночай абіцелі, якія не маюць магчымасці прысутнічаць і маліцца за богаслужэннем у саборы. 

Church.by

Фотарэпартаж