У Гомелі адкрылася выстава «Духоўная скарбніца», прысвечаная 90-годдзю Часопіса Маскоўскай Патрыярхіі
08 красавіка 20217 красавіка 2021 года ў Гомельскай універсальнай абласной бібліятэцы адкрылася выстава «Духоўная скарбніца», прысвечаная 90-годдзю Часопіса Маскоўскай Патрыярхіі.
У экспазіцыі прадстаўлены рэдкія асобнікі выданняў Часопіса Маскоўскай Патрыярхіі 1945-1960-х гадоў, у тым ліку нумары, у якіх апавядаецца аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, аб першым палёце чалавека ў космас, а таксама пра архіепіскапа Луку (Война-Ясянецкага), які ў 1946 годзе за свае навуковыя працы атрымаў Сталінскую прэмію і стаў першым святаром у гісторыі, уганараваным гэтай узнагародай.
У рамках Дня праваслаўнай кнігі выставу арганізавалі Гомельская епархія і Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна.
У адкрыцці экспазіцыі прыняў удзел архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан.
Звяртаючыся да прысутных, ён павіншаваў усіх са святам Благавешчання Прасвятой Багародзіцы і падзякаваў за магчымасць дакрануцца да такога рэдкага збору пасляваенных асобнікаў часопіса.
«Сёння ўзіраючыся ў гэтыя крыніцы, у Часопіс Маскоўскай Патрыярхіі, паміж радкоў чытаеш пра жыццё Царквы, пра тое, як царкоўныя іерархі ладзілі царкоўнае жыццё ў камуністычнай краіне, бачыш цэлыя чалавечыя жыцці, іх трагедыі і радасці. Хочацца, каб людзі, а асабліва маладое пакаленне, дакранулася да той гісторыі, якую прайшла Руская Праваслаўная Царква» — адзначыў уладыка Сцяфан.
Дырэктар бібліятэкі Марына Рафеева падзякавала архіепіскапу Сцяфану за ініцыятыву правядзення выставы і шматгадовае плённае супрацоўніцтва, а таксама за каштоўны падарунак — «Летапіс Гомельскай епархіі», які ўладыка перадаў у дар бібліятэцы. Асобнікі гэтага выдання ў далейшым будуць накіраваныя ва ўсе цэнтральныя раённыя бібліятэкі Гомельскай вобласці.
Прадоўжыцца выстава да 7 мая.
«Часопіс Маскоўскай Патрыярхіі» — найстарэйшы часопіс Рускай Праваслаўнай Царквы, яе афіцыйны друкаваны орган. Выдаецца з 1931 года. У 1935 годзе з узмацненнем у СССР дзяржаўнага ціску на рэлігійныя арганізацыі выданне было спынена. У 1943 годзе ва ўмовах змененага стаўлення ўлады да Рускай Праваслаўнай Царквы часопіс быў адноўлены. Сімвалічна, што першы нумар выйшаў 12 верасня 1943 года, у дзень ўсшэсця на Першасвяціцельскі прастол, які пуставаў амаль два дзесяцігоддзі, Свяцейшага Патрыярха Сергія. З тых часоў і да гэтага дня Часопіс выходзіць штомесяц (выключэннем з'яўляюцца 1994-1996 гг.).
У часопісе адлюстроўваюцца ўсе сферы сучаснага царкоўнага жыцця, у тым ліку праблемы духоўнай адукацыі, пастырскай апекі, сацыяльнага служэння Царквы, яе ўзаемадзеяння з узброенымі сіламі, місіянерскай працы. На старонках часопіса можна прачытаць як пра Першасвяціцельскія паездкі Свяцейшага Патрыярха, так і пра працу і клопат невялікай царкоўнай абшчыны. У ім публікуюцца артыкулы па ўсіх раздзелах багаслоўя, пропаведзі, царкоўна-гістарычныя працы, бібліяграфічныя агляды.