Пачаўся трохдзённы епархіяльны хрэсны ход з горада Навагрудка ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр

11 жніўня 2021

top.jpg

10 жніўня 2021 года пачаўся трохдзённы епархіяльны хрэсны ход у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, прымеркаваны да 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Адначасовы пачатак хрэснага ходу быў пакладзены па традыцыі ў горадзе Навагрудку і ў гарадскім пасёлку Карэлічы. Бажэственную літургію ў Свята-Нікольскім кафедральным саборы горада Навагрудка здзейсніў сакратар епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Анатоль Герасімук у саслужэнні благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэя Іаана Кісяля і клірыкаў епархіі. Бажэственную літургію ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла гарадскога пасёлка Карэлічы ўзначаліў благачынны Карэліцкай царкоўнай акругі протаіерэй Мікалай Орса ў саслужэнні клірыкаў благачыння.

Па заканчэнні набажэнстваў для паломнікаў у горадзе Навагрудку і гарадскім пасёлку Карэлічы была арганізавана агульная трапеза.

На хрэсны ход з'ехаліся вернікі не толькі з Навагрудскай епархіі, але і з розных гарадоў Беларусі — Мар'інай Горкі, Мазыра, Барановіч і Рэчыцы. Разам з пілігрымамі ўдзел у хрэсным ходзе прынялі Іна Міхайлаўна Санчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама і выхаванцы прышкольнага аздараўленчага лагера СШ №2 гарадскога пасёлка Карэлічы.

У вёсках і сёлах крыжаходцаў гасцінна сустракалі мясцовыя жыхары. Ля паклонных крыжоў шэсце спынялася з малітвай аб міры на Беларускай зямлі.

Завяршыўся першы дзень хрэснага ходу для паломнікаў з горада Навагрудка ў аграгарадку Нягневічы Навагрудскага раёна, а для паломнікаў з гарадскога пасёлка Карэлічы ў аграгарадку Шчорсы Навагрудскага раёна, дзе багамольцы здзейснілі ўстаўныя вячэрнія набажэнствы ў храмах Казанскай іконы Божай Маці і святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, пасля чаго былі прыняты на начлег мясцовымі жыхарамі.

Навагрудская епархія/Church.by