У выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска выйшаў «Беларускі праваслаўны каляндар» на 2024 год

13 студзеня 2024

01.png

У выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска выйшаў «Беларускі праваслаўны каляндар» на 2024 год.

Традыцыйна каляндар, які выдаецца прыходам Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў горадзе Мінску штогод, пачынаючы з 1994 года, уключае асноўную — каляндарную частку, іменаслоў і тэматычны дадатак.

Сёлета адбыліся змены ў спісе Сабора Беларускіх святых, іх цяпер налічваецца 58 персон, уключаных для агульнацаркоўнага шанавання. Святыя, якія не ўвайшлі ў спіс, шануюцца мясцова ў епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы, а ў календары, як і раней, пазначаныя паўтлустым шрыфтам і зорачкай.

У выданні календара на 2024 год тэматычны дадатак складаецца з двух раздзелаў. Да 40-годдзя ўстанаўлення Сабора Беларускіх святых размешчаны артыкул «Пра кананізацыю святых у Праваслаўнай Царкве. Гістарычны агляд», у якім разглядаюцца асноўныя вехі ў фарміраванні традыцыі праслаўлення і шанавання святых з самых старажытных часоў па сённяшні дзень. У тым ліку дадзена характарыстыка асаблівасцям складання Сабора Беларускіх святых. У другім раздзеле календара апублікаваны артыкул, прысвечаны памяці протаіерэя Аляксія Сакалова (1884-1933), настаяцеля Язненскай царквы Дзісенскага павета, які стаў сведкам трагічных падзей на Полаччыне ў 1919 годзе, калі расстралялі групу бязвінных мясцовых жыхароў, у ліку якіх быў і свяшчэннамучанік Канстанцін Шаркаўшчынскі (памяць 29 красавіка). Айцу Аляксію Сакалову ўдалося пазбегнуць расправы. Пра яго далейшы лёс распавядаецца ў артыкуле.

izdatsovet.by/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok