У крыпту сталічнага Усіхсвяцкага храма будзе перададзена зямля са спаленай нацыстамі вёскі Ола

20 студзеня 2017

top.jpg

13 студзеня ушанаваць памяць нявінназабітых людзей сабраліся прадстаўнікі Светлагорскага райвыканкама, Праваслаўнай Царквы, студэнты Светлагорскага індустрыяльнага каледжа, навучэнцы школ Светлагорска і Гомеля.

73 гады таму здарылася страшная трагедыя: студзеньскай раніцай у 6 гадзін да невялікай вёсачкі Ола падышоў нямецкі карны атрад і акружыў яе. На жаль, у тыя дні ў вёсцы знайшлі сабе сховішча мноства мірных жыхароў, у асноўным жанчыны, старыя і дзеці. Большасць людзей нацысты сагналі ў вялікі калгасны хлеў на ўскраіне вёскі, замкнулі і падпалілі, а тых, хто спрабаваў выбегчы і выратавацца з агорнутага агнём будынка — расстрэльвалі. Зверствы карнага атрада забралі жыцці 1758 чалавек, з якіх 950 — дзеці.

На жалобным мітынгу прысутнічалі доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Шаркоў і журналіст Алена Харашэвіч, лаўрэаты прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». У іх была высокая і высакародная місія: перадаць зямлю з Олы ў мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых. Гэты храм знаходзіцца ў Мінску і з'яўляецца галоўным духоўным агульнанацыянальным мемарыялам у памяць пра мільёны беларусаў, загінулых і раскіданых па ўсім свеце. У крыпце храма сабрана зямля з палёў вялікіх гістарычных бітваў у абарону Айчыны, а таксама з месцаў пахаванняў мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ваенных дзеянняў.

Забор зямлі для перадачы ў крыпту ажыццявілі старшыня Чыркавіцкага сельвыканкама Уладзімір Лахардаў і старшыня Светлагорскай раённай арганізацыі ветэранаў Валянціна Рудзінская. Благачынны Светлагорскай акругі, настаяцель Спаса-Праабражэнскага сабора Светлагорска протаіерэй Аляксандр Кісель здзейсніў памінальную ліцію і акрапіў капсулу з зямлёй святой вадой. Канстанцін Пятроўскі, намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама, ад імя кіраўніцтва і жыхароў раёна перадаў асвечаную зямлю Алене Харашэвіч.

Забыцца на мінулае, тыя пакуты і гора, якія выпалі на долю нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны — значыць здрадзіць тым людзям, якія змагаліся за свабоду нашай Радзімы, якія нявінна пацярпелі ад рук фашысцкіх карнікаў, — сказала Алена Іванаўна. — Ні мы, ні нашы дзеці, не павінны забыць гэты боль ніколі. Трэба памятаць сваіх продкаў і шанаваць мірнае жыццё.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся благачынны Светлагорскай акругі протаіерэй Аляксандр Кісель.

Падобныя трагічныя прыклады гібелі тысяч нявінных людзей уражваюць жорсткасцю вайны, — сказаў протаіерэй Аляксандр. — Мы павінны маліцца за іх, узносячы малітву Богу за тых пакутнікаў, якія прынялі на сябе страшны выклік вайны. Каб Літасцівы Гасподзь усяліў іх у Царства Нябеснае, а мы, прытрымліваючыся Закону Божага, пастараліся выправіць сваё жыццё да лепшага.

Кожны з выступоўцаў на мітынгу адзначыў, што вайна пакінула шмат месцаў смутку на беларускай зямлі, мноства гора прынесла жыхарам. Пасля хвіліны маўчання ўдзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да памятнага крыжа. Навучэнцы школ і студэнты ліцэя паклалі да мемарыяльнага знака кветкі і цацкі ў памяць аб дзецях, якія загінулі ў вёсцы Ола.

Гомельская епархія / Church.by