У Лідзе адбыўся агульнагарадскі хрэсны ход, прымеркаваны да 100-годдзя пачатку ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву

22 чэрвеня 2017

top.jpg

У нядзелю 18 чэрвеня, у дзень Усіх святых зямлі Рускай, у горадзе Лідзе адбыўся агульнагарадскі хрэсны ход, прымеркаваны да 100-годдзя пачатку эпохі ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву.

Да пачатку хрэснага ходу з Жыровіцкага манастыра ў Ліду была прынесена копія цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці.

Узначаліў хрэсны ход епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. У шэсці прынялі ўдзел: духавенства Лідскай акругі, прадстаўнікі брацтваў і сястрынстваў, прыхаджане лідскіх храмаў.

Хрэсны ход пачаўся ад памятнага знака ў гонар 2000-годдзя Нараджэння Хрыстовага. Пасля пачатку малебна святочная працэсія рушыла па вуліцах горада да Архістратыга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора. Шэсцю папярэднічалі харугваносцы, а за імі святары неслі ікону Прасвятой Багародзіцы «Жыровіцкая». Шэсце прыпынялася на галоўных скрыжаваньнях вуліц горада, дзе ўладыка Парфірый чытаў Евангелле.

Завяршылася шэсце ля ўваходу ў кафедральны сабор святога Архістратыга Міхаіла. У саборы быў прачытаны акафіст перад цудатворнай выявай Божай Маці.

Пасля богаслужэння правячы архіерэй падзякаваў ўсім удзельнікам хрэснага ходу і нагадаў, што гэтым шэсцем лідчане ў чарговы раз сведчылі аб сваёй праваслаўнай веры.

Таксама ўладыка заклікаў усіх захоўваць сваю веру, вучыць дзяцей жыць па Евангельскіх запаведзях і даражыць тым благадатным часам, у які бязбоязна можна хадзіць у храм і вызнаваць Праваслаўе.

Жыровіцкая ікона будзе знаходзіцца ў саборы Архістратыга Міхаіла па 24 чэрвеня. Час работы сабора: 8:00 -18:00.

Лідская епархія / Church.by