У Мінску з'явіцца помнік мітрапаліту Філарэту (Вахрамееву)

20 мая 2021

52-mitropolit-filaret.jpg

20 мая 2021 года падчас нарады па тэматыцы развіцця сталіцы Беларусі мэр горада Мінска Уладзімір Кухараў прадставіў прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку праект помніка першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту (Вахрамееву).

Кіраўнік дзяржавы ўхваліў праект, паведамляе БЕЛТА.

Помнік прапануюць ўсталяваць каля Кафедральнага сабора ў Мінску.

«Па даручэнні кіраўніка дзяржавы сёння ўнесены прапановы па ўстаноўцы помніка мітрапаліту Філарэту. Мы ўнеслі канкрэтныя прапановы. Яны адобраны кіраўніком дзяржавы. Зараз прыступаем да распрацоўкі праекта, каб у самыя кароткія тэрміны ў нас каля Кафедральнага сабора быў усталяваны помнік мітрапаліту Філарэту», — распавёў журналістам пасля нарады Уладзімір Кухараў.

Дзейнасць уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пры ім у рэспубліцы былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы. Намаганнямі яго Высокапраасвяшчэнства аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў.

Па благаславенню Патрыяршага Экзарха была адноўлена святыня Беларусі — Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай, пачаў функцыянаваць унікальны сацыяльны праект Беларускай Праваслаўнай Царквы — Дом міласэрнасці. Па ініцыятыве мітрапаліта Філарэта ў царкоўны каляндар унесена новае свята «Сабор Беларускіх святых» і ўсталяваны агульнацаркоўныя святкаванні ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірыла Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. Архіпастыр арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.

Дзякуючы намаганням першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі створаны Міжнародны Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія. Пры яго дзейсным удзеле было распрацавана і заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Падзвіжніцкая асветніцкая дзейнасць першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, яго вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага і расійскага народаў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, Пашаны, Францыска Скарыны, расійскім ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені і іншымі. У 2006 годзе мітрапаліту Філарэту было прысвоена званне «Герой Беларусі».

Архіпастыр памёр 12 студзеня 2021 года на 86-м годзе жыцця. Пахаваны на малых брацкіх могілках за алтаром Крыжаўздзвіжанскага храма Жыровіцкага манастыра.

БЕЛТА/Сhurch.by