У Мінскай духоўнай акадэміі адбылася абарона кандыдацкай дысертацыі
28 чэрвеня 201727 чэрвеня 2017 года на пасяджэнні савета па абароне кандыдацкіх дысертацый Мінскай духоўнай акадэміі адбылася абарона дысертацыі на суісканне вучонай ступені кандыдата багаслоўя іерадыякана Аўраама (Гулевіча) на тэму «Манаскія зарокі ў правілах ордэна базыльянаў XVII–XVIII стагоддзяў у святле аскетычнай традыцыі Праваслаўнай Царквы».
У выніку тайнага галасавання было прынята рашэнне аб прысуджэнні іерадыякану Аўрааму (Гулевічу) вучонай ступені кандыдата багаслоўя.
Праца была выканана на кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі. Навуковы кіраўнік: протаіерэй Аляксандр Раманчук, кандыдат багаслоўя, старшы выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі. Афіцыйнымі апанентамі з'яўляліся: іерэй Аляксандр Палхоўскі, кандыдат багаслоўя, старшы выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры багаслоўя Мінскай духоўнай семінарыі; протаіерэй Дзімітрый Савіч, кандыдат багаслоўя, прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі. Апаніруючай арганізацыяй з'яўлялася ДУА «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага універсітэта».