У Мінскай духоўнай семінарыі адбудуцца II Чытанні памяці свяшчэннамучаніка мітрапаліта Пятра (Палянскага)

05 чэрвеня 2017

top.jpg

8 чэрвеня 2017 года па благаславенню рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя адбудзецца навуковая канферэнцыя «II Чытанні памяці свяшчэннамучаніка мітрапаліта Круціцкага Пятра (Палянскага, 1862-1937)».

Мерапрыемства арыентавана на асэнсаванне гістарычнага шляху Рускай Праваслаўнай Царквы ў ХХ стагоддзі і прымеркавана да 100-годдзя з часу пачатку антырэлігійных ганенняў.

Праграма канферэнцыі прадугледжвае выступленне наступных дакладчыкаў:

Верамееў Сяргей Фёдаравіч, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат гістарычных навук. Тэма дакладу: «Апошнія гады жыцця Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расіі Ціхана (Белавіна) ва ўспамінах сучаснікаў».

Іерэй Гардзей Шчаглоў, доктар царкоўнай гісторыі, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі. Тэма дакладу: «Протаіерэй, свяшчэннамучанік Дзімітрый Паўскі (1874-1937): жыццё і вызнаўчы подзвіг».

Протаіерэй Дзімітрый Шылёнак, памочнік сакратара Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы, кандыдат багаслоўя. Тэма дакладу: «Абнаўленскі раскол на тэрыторыі Усходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.»

Свірыд Аляксандр Мікалаевіч, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук, дацэнт. Тэма дакладу: «Сістэма контрзахадаў Праваслаўнай Царквы па супрацьдзеянню распаўсюджванню неауніі на беларускіх землях у 1920-1930-я гг.»

Слесараў Аляксандр Валер'евіч, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, дацэнт. Тэма дакладу: «Царкоўная дзейнасць архімандрыта Ціхана (Шарапава) на пасадзе настаяцеля Жыровіцкага манастыра (1922-1924)».

У працы канферэнцыі прымуць удзел выкладчыкі і студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, навучэнцы Слонімскага духоўнага вучылішча і духавенства Навагрудскай епархіі.

II Чытанні памяці свяшчэннамучаніка мітрапаліта Круціцкага Пятра (Палянскага, 1862-1937) праводзяцца ў рамках праграмы Мінскай духоўнай семінарыі па захаванню памяці новамучанікаў, вызнаўцаў, і ўсіх праваслаўных хрысціян, нявінна пацярпелых у гады масавых рэпрэсій. Праграма прынята на пасяджэнні Вучонай рады семінарыі, якое праходзіла 29 чэрвеня 2016 года.

Месца правядзення мерапрыемства: 231822, Гродзенская вобласць, Слонімскі раён, аг. Жыровічы, вул. Саборная, 55. Мінская духоўная семінарыя (актавая зала).

Пачатак работы канферэнцыі: 12.00.

МінДС / Church.by