У Мірскім замку прайшла канферэнцыя, прысвечаная 180-годдзю Полацкага сабора

30 студзеня 2019

top.jpg

29 студзеня благачынны Карэліцкай царкоўнай акругі протаіерэй Мікалай Орса узначаліў памінальную ліцію ля магілы Феклы Сямашка, маці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі). Маці незабыўнага архіпастыра пахавана ля сцен Свята-Траецкай царквы гарадскога пасёлка Мір. Пасля ліціі у вялікай канферэнц-зале Мірскага замка адбылася канферэнцыя, прысвечаная 180-годдзю Полацкага Сабора, на якім было прынята рашэнне аб уз'яднанні беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.

На канферэнцыі прысутнічалі святары Карэліцкага благачыння, настаўнікі сярэдняй школы і кіраўніцтва дашкольных устаноў гарадскога пасёлка Мір, супрацоўнікі замкава-паркавага комплексу «Мір», старшыня пасялковага савета А. Л. Маркевіч, супрацоўнікі мастацкага каледжа, а таксама прыхаджане Свята-Траецкага храма.

Клірык Свята-Траецкага храма іерэй Фёдар Лукашэвіч распавёў аб значнай для нашага народа падзеі -  Полацкім царкоўным Саборы. Выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі протадыякан Генадзь Малееў распавёў пра тое, як зарадзілася ў Беларусі ўніяцкая царква, якія негатыўныя наступствы мела яе стварэнне для беларускага народа.

Прысутныя даведаліся многія факты з жыцця і дзейнасці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), які ўсё сваё жыццё прысвяціў адраджэнню ў нашай краіне Праваслаўя пасля шматвяковага панавання лацінства. Уладыка Іосіф стаў ініцыятарам вяртання ў 1839 годзе да праваслаўнага веравызнання паўтара мільёна ўніятаў.

Затым размова перайшла ў рэчышча сучасных падзей ва Украіне. Айцец Генадзь растлумачыў прычыны і вытокі расколу, заклікаў прысутных быць мудрымі і ўстойлівымі ў Праваслаўнай веры.

Навагрудская епархія Church.by