У Магілёве адбыліся ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя з'яўлення іконы Божай Маці «Дзяржаўная»
16 сакавіка 201715 сакавіка 2017 года ў Магілёве адбыліся ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя з'яўлення абраза Божай Маці «Дзяржаўны».
Напярэдадні свята па горадзе прайшоў хрэсны ход. Малітоўнае шэсце пачалося з храма Царскіх мучанікаў і ўсіх навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, які размешчаны каля месца разбуранай у гады ліхалеццяў царскай стаўкі. Багамольцаў ўзначаліў настаяцель гэтага храма протаіерэй Сергій Белавус. Скончылася шэсце ў Трохсвяціцельскім саборы, куды крыжаходцы прынеслі шануемую ў Магілёве копію Дзяржаўнай іконы Божай Маці.
У саборы адбылася Літургія Ранейасвячоных Дароў, якую здзейснілі мітрапаліт Смаленскі і Рослаўскі Ісідар і епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній у саслужэнні духавенства Магілёўскай епархіі і Смаленскай мітраполіі.
Па заканчэнні богаслужэння ўладыка Сафроній прамовіў пропаведзь аб заступніцтве Прасвятой Багародзіцы, а таксама выказаў цёплыя словы падзякі мітрапаліту Ісідару за сумеснае богаслужэнне, запрасіў Яго Высокапраасвяшчэнства на маючыя адбыцца ў Магілёве ўрачыстасці з нагоды 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія Каніскага і паднёс у дар ікону гэтага магілёўскага святога.
У адказ мітрапаліт Ісідар паднёс епіскапу Сафронію абраз царскіх пакутнікаў.
«Сённяшнім богаслужэннем мы з вамі пераступілі 100-гадовы парог тых страшных падзей, якія перажывала Святая Русь. І мы разумеем, чаму з'явілася ікона Божай Маці "Дзяржаўная". Таму, што гэта бачны знак таго, што Гасподзь і Яго Прачыстая Маці, нягледзячы на адступленні чалавечыя, непарыўна знаходзяцца са сваім народам», — адзначыў уладыка Ісідар у архіпастырскім слове.
«Мы сёння шчыра і горача маліліся перад Дзяржаўнай іконай Божай Маці аб тым, каб Божая Маці захавала нас ад паўтору тых падзей, каб народ ніколі не выракаўся Бога, не выракаўся хрысціянскіх каштоўнасцяў, святога Праваслаўя», — адзначыў Яго Высокапраасвяшчэнства.
«Мы брацкія народы. І няма ніякіх межаў, якія падзялялі б нас з вамі, таму што ў любві да Госпада няма межаў», — падкрэсліў мітрапаліт.
Заключным пунктам візіту мітрапаліта Ісідара ў Магілёў стала ўрачыстае закрыццё міжнароднай фотавыставы «Храмастваральнікі Русі», якую ў Магілёве прадстаўляла Смаленская мітраполія. Гэта фатаграфіі праваслаўных храмаў абласцей Расіі, Беларусі і Украіны, праз якія працякае рака Днепр. Экспазіцыя паказвае адзінства брацкіх славянскіх народаў, якія маюць агульны духоўны стрыжань — праваслаўную веру.