У музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» горада Брэста праходзіць выстава абразоў «Правіла веры і прыклад пакоры»
28 снежня 2021У музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» горада Брэста па благаславенню архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана праходзіць выстава абразоў «Правіла веры і прыклад пакоры».
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 150 ікон з фондаў абласнога краязнаўчага музея. Некалькі абразоў прадастаўлена з рызніцы Сімяонаўскага кафедральнага сабора Брэста і жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Многія творы іканапісу адрэстаўраваныя мастакамі-рэстаўратарамі музея і экспануюцца ўпершыню.
Асобны раздзел выставы прысвечаны найбольш вядомаму і шануемаму святому — Мікалаю Цудатворцу. І сама назва экспазіцыі — «Правіла веры і прыклад пакоры» — узята з першага радка трапара гэтаму свяціцелю. Наведвальнікі могуць убачыць яго падрабязную іканаграфію. Асаблівай увагі заслугоўвае напісаная на Брэстчыне ў канцы XVIII стагоддзя ікона з рэдкім сюжэтам «Яўленне свяціцеля Мікалая імператару Канстанціну Вялікаму ў сне». У музей яна паступіла ў гнятлівым стане з адной з сельскіх капліц, рэстаўраваць яе прыйшлося сталічным спецыялістам.
На выставе таксама прадстаўлены абразы свяціцеляў першых стагоддзяў хрысціянства, візантыйскіх і рускіх свяціцеляў. Экспазіцыя дапоўнена абразкамі, выкананымі ў тэхніцы размаляванай эмалі, абразамі ў рускім медным ліцці, сярэбраных акладах.
Экспазіцыя будзе працаваць да 27 лютага.