У Навагрудскай епархіі адбыўся трохдзённы хрэсны ход да Лаўрышаўскай абіцелі
15 жніўня 201712 жніўня, у дзясятую гадавіну адраджэння Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, у абіцель прыбыў трохдзённы епархіяльны хрэсны ход.
Паломнікі з горада Навагрудка і гарадскога пасёлка Карэлічы сустрэліся ў вёсцы Лозкі. Там вернікі пабывалі на вячэрнім богаслужэнні і размясціліся на начлег, каб раніцай разам працягнуць шлях у манастыр.
Нягледзячы на больш чым трыццаціградусную спякоту, людзі з малітвай пераадольвалі кіламетр за кіламетрам.
У дзень пачатку шляху, 10 жніўня, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый пасля Бажэственнай літургіі ў Навагрудку наказваў на дарогу паломнікам:
— Хрэсны ход — гэта шлях, якім прайшоў Хрыстос на Галгофу. І мы павінны вучыцца несці свой крыж без наракання, з удзячнасцю да Бога, таму што наш крыж непараўнальна лягчэй Крыжа Гасподняга і дадзены нам на выратаванне.
Святочную Бажэственную літургію ў летнім храме ў гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці Елісееўскага манастыра па благаславенню архіепіскапа Гурыя здзейсніў сакратар епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Анатоль Герасімук у саслужэнні намесніка манастыра ігумена Яўсевія (Цюхлова) і духавенства епархіі.
Па заканчэнні Літургіі быў здзейснены хрэсны ход вакол абіцелі, які завяршыўся агульнай паломніцкай трапезай.
Усяго больш за дзвесце чалавек з розных епархій прынялі ўдзел у хрэсным ходзе, каб такім чынам ўмацавацца духам. Сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і моладзі.