У Пінску адбыўся «Траецкі баль» дзяцей і моладзі

06 чэрвеня 2017

top.jpg

Упершыню ў Пінскай епархіі адбыўся баль праваслаўнай моладзі.

«Траецкі баль» прайшоў па благаславенню архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана 4 чэрвеня 2017 года і быў арганізаваны моладзевым аддзелам Пінскай епархіі і прыходам храма святых дабраверных князёў Пятра і Фяўронні Мурамскіх горада Пінска.

У дзень Святой Тройцы жыхары і госці горада акунуліся ў прыгажосць бальнага танца. Для гэтай яркай падзеі было выбрана ўнікальнае месца: у сасновым лесе каля храма была падрыхтавана спецыяльная пляцоўка, дзе ўвазе гасцей былі прадстаўлены паланэз, старадаўнія вальсы, контрданс, павана, падэграс, фарандола, турдыён і іншыя танцы.

Удзельнікамі балю сталі каля 75 танцавальных пар розных узростаў. Упершыню для нашай краіны на маладзёжным балі выступалі дзеці. Самымі малодшымі ўдзельнікамі балю былі дзеці 4-6 гадоў, у сярэднюю групу ўвайшлі дзеці 8-12 гадоў, у дарослую — юнакі і дзяўчаты. Адкрываў танцавальную праграму традыцыйны паланэз, дзе ўсе ўдзельнікі — ад самых маленькіх да дарослых — прадэманстравалі элегантнасць, строгі этыкет і вытанчаную прыгажосць венскіх баляў. Імправізаваная зала ўмясціла ўсіх жадаючых гасцей, сярод якіх былі святары Пінскай епархіі, прадстаўнікі кіраўніцтва горада, бацькі і блізкія ўдзельнікаў.

У перапынках госці і ўдзельнікі балю пачулі літаратурна-музычныя кампазіцыі, сфатаграфаваліся на памяць і пагутарылі з цікавымі людзьмі.

Баль стаў важнай падзеяй царкоўна-грамадскага жыцця горада Пінска і ўсёй Пінскай епархіі. Арганізатары балю ўпэўненыя, што правядзенне гэтага мерапрыемства стане добрай традыцыяй — і з кожным годам будзе пашырацца геаграфія ўдзельнікаў, вырасце колькасць тых, каму баль дапаможа знайсці блізкіх па духу людзей, рэалізаваць свае таленты і мары, знайсці дарогу да храма.

Баль праваслаўнай моладзі — місіянерскі праект, які дапамагае маладым людзям адкрыць новыя гарызонты ў іх паўсядзённым жыцці, спрыяе іх духоўнаму росту.

Пасля сустрэчы маладыя людзі гаварылі аб тым, што баль навучыў іх зносінам, выхаваў адказнасць, ўзаемапавагу, расставіў на свае месцы мужнасць і жаноцкасць, паказаў, што класічная музыка — назаўжды, дапамог знайсці дарогу да храма, а самае галоўнае — навучыў любіць.

Пінская епархія / Church.by