У Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры знойдзены ўнікальны старажытны чарцёж
11 жніўня 2017У Полацку падчас археолага-рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра знойдзены фрагмент будаўнічага чарцяжа мяжы XI-XII стагоддзяў. Знаходку навукоўцы называюць сенсацыяй.
— Чарцяжоў XII стагоддзя яшчэ ніхто ніколі не бачыў, — здзіўлены Яўген Торшын, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія). — Самыя раннія з вядомых на сёння сярэднявечных чарцяжоў адносяцца да канца XIII стагоддзя, нават візантыйскіх чарцяжоў не захавалася, ёсць толькі іх апісанні.
— Лічылася, што чарцяжы з'явіліся на тэрыторыі Беларусі толькі ў XVI стагоддзі, дык вось гэтая знаходка гэта абвяргае! — захоплены Аляксандр Салаўёў, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Знаходка была зроблена на месцы раскопак старажытнага храма-пахавальні. На плінфе канца XI — пачатку XII стагоддзя, якая была часткай старажытнай пабудовы, намаляваны фрагмент чарцяжа, як мяркуецца, самога храма-пахавальні. Навукоўцаў уражвае, што малюнак мае правільныя прапорцыі памераў будынка, адлюстроўвае таўшчыню сцен і іншыя выразна прарысаваныя дэталі. План выкананы так, быццам гэта чарцёж сучаснага архітэктара. На думку навукоўцаў, малюнак зроблены высокакваліфікаваным майстрам, які, магчыма, і кіраваў будаўніцтвам храма-пахавальні. Мяркуюць, што плінфа з поўнай выявай плана была не менш 30 см. Верагодна, чарцёж быў зроблены пісалам (тоненькай палачкай) на сырой гліне, пасля чаго яна была абпалена.
— Чарцёж XII стагоддзя існуе пакуль у адзіным экзэмпляры! — адзначае Яўген Торшын.
Гэтая знаходка адкрывае зусім не вядомы бок дзейнасці і творчасці будаўнікоў у канцы XI — пачатку XII стагоддзя, таму што да цяперашняга часу не захавалася ніводнага чарцяжа XII стагоддзя. Археолагі сумняваліся, ці карысталіся будаўнікі наогул чарцяжамі. Таму знаходка можа лічыцца сенсацыйнай: упершыню за ўсю гісторыю вывучэння архітэктуры Старажытнай Русі ў руках навукоўцаў, відаць, апынуўся сапраўдны прафесійны архітэктурны чарцёж. Раней знойдзеныя малюнкі мелі схематычны характар, як, напрыклад, пры археалагічных раскопках падмуркаў Дзясяціннай царквы.
Артэфакт выявіла студэнтка 3-га курса гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта падчас археалагічнай практыкі пад кіраўніцтвам Аляксея Коца, магістра гістарычных навук, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Характэрна, што ўчастак манастыра, на якім быў знойдзены ўнікальны артэфакт, раней быў шматразова даследаваны археалагічнымі экспедыцыямі ў 50-я — 60-я гады XX стагоддзя:
— Цэлыя брыгады капалі на гэтым месцы, але выявілі чарцёж толькі зараз! — дзівяцца спецыялісты.
Упершыню аб храме-пахавальні, збудаваным ў канцы XI — пачатку XII стагоддзя, згадваецца ў жыціі святой Ефрасінні Полацкай: епіскап Ілья, благаслаўляючы прападобную заснаваць дзявочую абіцель, паказаў ёй на месца блізу Полацка, званае Сяльцом, «ідеже братія наша лежат прежде нас бывшіі епіскопы». Больш поўныя звесткі аб гэтым храме змяшчае даравальная грамата караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, паводле якой ён перадаў у канцы XVI стагоддзя Спаскі манастыр езуітам. У ёй гаворыцца, што «жаночы, званы ігуменскім манастыр Св. Спаса, якога храм, блізкі да разбурэння, яшчэ віднеецца над ракою Палатой».
Раскопкі гэтага старажытнага помніка архітэктуры праводзіліся неаднаразова. Падчас іх правядзення выяўлены рэшткі вялікага трохнефнага сабора, да якога з захаду, поўдня і поўначы прымыкалі галерэі. Сцены асноўнага аб'ёму храма і галерэй складзены з плінфы на цамяначным растворы ў тэхніцы муроўкі з утопленым радам. На месцы раскопак храма-пахавальні былі знойдзены ў вялікай колькасці смальта і маёлікывыя пліткі розных колераў. Паводле здагадкі навукоўцаў, храм-пахавальня ў Сяльцы па багаццю дэкору інтэр'еру не саступаў усім вядомым цэрквам Полацка і нават Сафійскаму сабору.
На невялікім участку заходняй галерэі захавалася першапачатковая падлога, дэкараваная маёлікавымі пліткамі і мазаікай з дарагой рознакаляровай смальты. У шурфах былі знойдзены часткі сцен паўночнай і паўднёвай галерэі. На жаль, археолагам так і не ўдалося выявіць алтарную частку храма.