У свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы мітрапаліт Філарэт маліўся і прычасціўся Святых Хрыстовых Тайн за Літургіяй у дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення

07 красавіка 2017

top.jpg

7 красавіка 2017 года, у свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт маліўся і прычасціўся Святых Хрыстовых Тайн за Бажэственнай літургіяй у дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых.

Богаслужэнне здзейснілі: іерэй Макарый Кавалёў, іерэй Аляксандр Волкаў, протадыякан Віталь Дубяга.

Спевы Бажэственнай літургіі выканаў хор пад кіраўніцтвам Анастасіі Цімафеевай.

Па завяршэнні богаслужэння мітрапаліт Філарэт звярнуўся да духавенства і вернікаў з архіпастырскім словам:

«Дарагія айцы, браты і сёстры!

Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са святам Благавешчання Найсвяцейшай Багародзіцы.

З гэтай Евангельскай падзеі пачынаецца гісторыя збудавання нашага выратавання. Архангел Гаўрыіл абвясціў Дзеве Марыі, што Ёй наканавана стаць Маці Таго, хто вызваліць чалавецтва ад улады граху і смерці.

Дзева Марыя з Назарэта здабыла дар Богамацярынства дзякуючы Свайму змірэнню. Мы памятаем Яе адказ архангелу: «Вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму».

Будзем і мы вучыцца змірэнню ў Прасвятой Багародзіцы! Бо менавіта тым, хто ідзе па шляху змірэння, Гасподзь пасылае шчодрыя дары і нечаканыя радасці, а вяршыня гэтых дароў — Царства Нябеснае.

Са святам!»

Church.by

Фотарэпартаж