У прыходскім комплексе старажытнейшага храма Гродна адкрылася выстаўка, прысвечаная памяці навамучанікаў
04 лютага 20184 лютага 2018 года, у дзень памяці Сабору навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, у прыходскім комплексе храма святых Барыса і Глеба на Каложы (Гродна) адкрылася выстава «Святыя навамучанікі Беларускай Царквы». Гэта падзея стала першай у шэрагу мерапрыемстваў фестывальнага тыдня, прысвечанага XVII Міжнароднаму фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Дабравест».
Стэнды выставы расказваюць аб жыцці і подзвігу святароў і міран, якія пацярпелі ад ганенняў на рэлігію ў XX стагоддзі. Пачынаецца экспазіцыя расказам пра свяшчэннмучаніка Гермогена (Долганова), якія прыняў мучаніцкую смерць роўна 100 гадоў таму, бо менавіта з рэвалюцыі 1917 года пачаўся жудасны перыяд пераследу за веру ў гісторыі Царквы.
Па словах арганізатараў, вельмі сімвалічна, што выстава праходзіць у рамках фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Дабравест»:
— Памяць пра навамучанікаў не мае для нас трагічных адценняў. Таму сённяшняе мерапрыемства самым арганічным чынам ўпісваецца ў фестывальны тыдзень, прысвечаны «Каложскаму Дабравесту». Подзвіг навамучанікаў— гэта яшчэ адзін голас у нашым дабравесці пра перамогі веры над нявер'ем, жыцця над смерцю, — адзначыў настаяцель Барыса-Глебскага (Каложскага) храма протаіерэй Аляксандр Балоннікаў.
Ініцыятарам арганізацыі выставы з'яўляецца брацтва, якое дзейнічае пры храме. Менавіта яго члены працавалі над пошукам малюнкаў і жыццяпісаў святых.
Унікальнымі экспанатамі выставы з'яўляюцца арыгіналы фатаграфій свяціцеля Пятра Палянскага і прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага.
У бліжэйшы час выстава наведае ўсе благачынніцкія акругі Гродзенскай епархіі.